Перакананасць — аснова поспеху

Ціманаўская САШ — адна з лепшых адукацыйных устаноў Клімаўшчыны. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі семінара-нарады ідэалагічнага актыву, прайшоўшага ў актавай зале школы.
Напачатку мы паслухалі дэлегата чацвёртага Ўсебеларускага народнага сходу педагога Вольгу Застрэлаву. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Мінск.
— Найбольшыя пачуцці выклікаў змястоўны даклад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, — зазначыла настаўніца. — Давялося пабываць у Акадэміі навук нашай краіны. Было падкрэслена, што рэспубліка мае вялікую патрэбу ў маладых, інтэлектуальна багатых прафесіяналах. Увогуле ж, яшчэ прадстаіць поўнасцю асэнсаваць тыя рубяжы, што трэба пакарыць усім нам эфектыўнай працай.
Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян райвыканкама Марыя Мардэсава падрабязна азнаёміла прысутных з тым, як на практыцы ажыццяўляецца работа па прынцыпу “аднаго акна” і адміністрацыйныя працэдуры. Працягваецца працэс іх аптымізацыі і ўдасканалення.
Аб тым, як рэалізуецца ў нашым рэгіёне Дэкрэт № 18, распавядала галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Глушакова. Цяпер у сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца звыш 120 непаўналетніх.
Намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова сканцэнтравала ўвагу ідэолагаў на неабходнасці своечасовай прафілактычнай работы з праблемнымі сем’ямі. Бо ўсе мы бачым, як пакрысе накопліваюцца ў іх негатыўныя факты, але часцяком праходзім міма. Маўляў, не мая гэта справа… Для таго і існуюць камісіі па садзеянню сям’і і школе, каб дапамагчы прадухіліць бяду.
Дарэчы, у студзені будуць падведзены вынікі конкурсу на лепшую арганізацыю работы па выкананню патрабаванняў Дэкрэта № 18. Тэму прадоўжыла ў сваім выступленні спецыяліст інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Іна Новікава. На ўліку іх знаходзіцца 94.
На семінары-нарадзе таксама абмеркавана дэмаграфічная сітуацыя ў раёне. Моцнае ўражанне пакінулі інфармацыя начальніка інспекцыі дзяржпажнагляду Аляксандра Сямёнава і відэафільм “Дзеці ў бядзе”.
Дарэчы, праблема гэтая абмяркоўвалася падчас сходаў грамадзян на выязных пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, выязных пасяджэнняў суда ў Дамамерыцкім і Кісялёва-Будскім сельсаветах.
Намеснік дырэктара школы Алена Маскалёва з дапамогай слайдаў ахарактарызавала некаторыя набыткі вучэбна-выхаваўчай, ідэалагічнай работы з моладдзю. З інфармацыяй аб выніках развіцця Беларусі ў 2006-2010 гадах выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Марыя Пракопчык.
Рэзюмуючы сказанае, намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова адзначыла: аснова ўсёй дзейнасці ідэолагаў — іх перакананасць у справядлівасці і неабходнасці тых ідэй, якія яны павінны даносіць да людзей у калектывах. Бо той, хто актыўна не працуе, не можа жыць дастойна.
Мікалай ГЛУЗДОЎ.