«Што? Дзе? Калі?» — гульня інтэлектуалаў

У апошні чацвер лістапада на базе МЦДМ адбылася першая інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?” сярод працуючай моладзі. Тры каманды — прадстаўнікі лікёра-гарэлачнага завода, падсобнай гаспадаркі ЛГЗ, Клімавіцкіх электрычных сетак — змагаліся за права стаць лепшымі. У выніку са значнай перавагай над сваімі сапернікамі перамагла каманда КЭС.
Члены каманд імкнуліся даць правільныя адказы на самыя розныя пытанні. Улічваючы тое, што гэта інтэлектуальная гульня праходзіла напярэдадні выбараў Прэзідэнта Беларусі, многія пытанні тычыліся Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прыемна адзначыць, што моладзь прадэманстравала добрыя веды па выбарчай сістэме ў нашай краіне.
— Гэта гульня павінна стаць добрым пачаткам для далейшых падобных сустрэч. “Што? Дзе? Калі?” дапамагае выявіць здольных юнакоў і дзяўчат, павышае інтэлектуальны ўзровень моладзі і падштурхоўвае яе да новых дасягненняў, — адзначыла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Таццяна Меншыкава.
Напрыканцы гульні ўсе каманды-удзельніцы атрымалі памятныя падарункі і дыпломы. Але самае галоўнае тое, што кожны з іх зрабіў для сябе пэўныя высновы. І, магчыма, адна з іх гучыць наступным чынам: трэба штодзённа павышаць свой інтэлектуальны ўзровень.
Таццяна Падліпская.
На здымку: удзельнікі каманды-пераможцы Канстанцін Кварцярнюк, Іна Серакова, Сяргей Шэндараў (капітан каманды), Вольга Барысава, Дзяніс Яфрэмаў, Святлана Селязнёва.