Хай здзейсняцца мары!

Хай здзейсняцца мары!

Хто з нас не любіць Новы год? Я не ведаю, што загадаюць за хвіліну да свята сямёра дзяцей і двое ўнукаў Тамары Уладзіміраўны Кірпічэнкі, але ўпэўнена, што іх маці зноў будзе жадаць толькі аднаго: каб здаровымі і шчаслівымі былі яе родныя крывіначкі ў надыходзячым новым годзе, каб на іх вуснах па-ранейшаму ззялі вясёлыя ўсмешкі, каб радавалі яны яе сваімі поспехамі…
Дружная сям’я Тамары Кірпічэнкі будзе сустракаць Новы год ў новай трохпакаёвай кватэры па вуліцы 50 год СССР. Восенню яны атрымалі ключы ад яе.
— Зараз пакуль жывём у калгасным доме. Набыць раней свой кут у нас, на жаль, не было магчымасці. Але дзякуючы той падтрымцы Прэзідэнта, якую ён аказвае шматдзетным сем’ям, адна з агульных мар нашай вялікай сям’і стала прыгожай рэальнасцю, — кажа Тамара Уладзіміраўна. — У пачатку 2010 года я сабрала ўсе неабходныя дакументы, а ў лістападзе ўжо справілі ўваходзіны, або, як гавораць нашы вяскоўцы, улазіны.
Маляўнічая вёска Стары Дзедзін — малая радзіма галоўных герояў гэтай нататкі. У хуткім часе сям’я плануе пераехаць у райцэнтр. Пакуль жа ў новай кватэры жыве старэйшая дачка Алёна. Другая дарослая дачка Тамары Уладзіміраўны — Юля, студэнтка трэцяга курса Магілёўскага каледжа мастацтваў. Сынок Саша — шасцікласнік, Наташа, Маша, Даша, Каця — вучні пачатковых класаў Старадзедзінскай базавай школы.
У дзяцей багата розных захапленняў. Усе школьнікі спяваюць ва ўзорным фальклорна-этнаграфічным калектыве “Астраначка”. Ведаюць шмат народных песень. Удзельнічаюць у розных конкурсах, абрадах. А якія прыгожыя вырабы-сувеніры зроблены іх рукамі! Многія з сувеніраў потым дораць блізкім людзям на святы.
Усе дзеці дапамагаюць маці па гаспадарцы. На падворку Кірпічэнкі ёсць карова, парсючкі, куры, трусы. Усёй сям’ёй шчыруюць і на агародзе.
Навагоднія святы — адны з самых любімых у сям’і Кірпічэнкі. Дзеці з радасцю ўпрыгожваюць ёлку, спяваюць песні. Дзятва заўжды радуецца, калі атрымлівае падарункі ад Дзеда Мароза.
Новы год — новыя планы і надзеі. У снежні Тамара Уладзіміраўна пайшла вучыцца ў аўташколу. Марыць набыць новае аўто, каб магла змясціцца ўся сям’я. Школьнікі ставяць перад сабой мэту — паспяхова завяршыць вучэбны год, пабываць у новых вандроўках.
Хай спраўдзяцца ўсе жаданні гэтай шматдзетнай сям’і!
Таццяна Падліпская.