Цікава ўсюды паспяваць

Цікава ўсюды паспяваць

Хутка бяжыць час. Здаецца, ці даўно яны з букетамі кветак прыходзілі на сваю першую школьную лінейку, а ўжо трэба рыхтаваць букеты да лінейкі выпускной.
Насця Захарэнка і Дзмітрый Кузьмянок (на здымку) вучацца ў 9 і 11 класах Раднянскай сярэдняй школы. Яны выдатнікі і самыя актыўныя ўдзельнікі школьных спраў, рэкамендуе вучняў завуч школы Марыя Іванаўна Бурдзілава.
Насця займаецца харэаграфіяй у філіяле Палошкаўскай сельскай дзіцячай школы мастацтваў. Яна таксама добра малюе, выдатна спявае, выступае і ў школьнай мастацкай самадзейнасці, і ў сельскім Доме культуры. Рознабаковая дзейнасць не замінае вучобе. Энергіі хапае: урокі дзяўчына робіць хутка. У яе шмат сябровак і сяброў.
Дзіма захапляецца тэхнікай. Напэўна, даюць сябе ведаць бацькавы гены (Вадзім Валянцінавіч Кузьмянок — галоўны інжынер эксперыментальнай базы «Раднянская»). Юнак амаль прафесійна ганяе на матацыкле і мае правы на кіраванне дадзеным мотасродкам. З будучай прафесіяй (куды паступаць) ужо вызначыўся, але сакрэт пакуль не раскрывае.
Насця мае намер працягваць вучобу і атрымаць сярэднюю адукацыю ў роднай школе, для Дзімы ж тут гэты навучальны год апошні.
Галіна Цыганкова.