Судзілаўскі шапавал

Судзілаўскі шапавал

Ці лёгка зрабіць валёнкі? Адказ на гэта пытанне дакладна ведае Аляксандр Галкоўскі з вёскі Судзілы. Рамяству ён навучыўся ў дзевятнаццаць гадоў. З таго часу і па сённяшні дзень з-пад яго залатых рук выйшла ўжо не адна сотня цёплых ботаў для сваякоў і знаёмых.
Дзядуля і дзядзькі Галкоўскага ўмелі добра рабіць валёнкі. Але Аляксандр Мікалаевіч пераняў гэтыя навыкі зусім не ад іх.
— У 1978 годзе скончыў аддзяленне пчалярства Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума і прыехаў на працу ў Іванаву Слабаду. На пчальнік у казённых ботах хадзіць было холадна. Вось і паехаў на кірмаш купіць валёнкі. Пахадзіў-пахадзіў там, але вярнуўся з пустымі рукамі: іх кошт для мяне аказаўся высокім. Тады стары мясцовы жыхар І.А.Фокін параіў мне набыць авечак і навучыў валіць валёнкі. А потым і ўсю снасць мне аддаў. Ёй карыстаюся і зараз, — узгадвае судзілаўскі шапавал.
«Авечка — вакол чалавечка», — часта любіць паўтараць стараста вёскі Аляксандр Галкоўскі. Больш за дваццаць гадоў ён трымае на сваім падворку гэту карысную жывёлу. Яна дае каштоўную воўну, скуры для футравых вырабаў, а таксама мяса, лекавы тлушч.
— Увосень  стрыжом авечак. Мыем воўну на рэчцы. Затым скубём яе ўсёй сям’ёй. Валочым. Я праду. Жонка з дачкой вяжуць прыгожыя рэчы — світары, шкарпэткі, рукавіцы. З аўчыны шыем дублёнкі. Увосень і зімой раблю валёнкі.  Не кожная воўна падыходзіць для таго, каб з яе атрымаліся валёнкі. Па-першае, калі воўну памыць з парашком, то яна «не садзіцца», — кажа Аляксандр  Мікалаевіч.
Працэс вырабу валёнак — доўгі. Па словах майго субяседніка, каб якасна зрабіць толькі адзін валёнак, трэба затраціць каля чатырох гадзін. Аўтару гэтых радкоў асабіста давялося ўпэўніцца ў сапраўднасці вышэйсказанага. Уся праца шапавала нагадвае нейкую таямніцу, калі частка хаты ператвараецца ў сапраўдную майстэрню.
— Спачатку на сваім старадаўнім бязмене ў фунтах (1 фунт = 409,5 гр.) узважваю воўну. На мужчынскія валёнкі патрэбна 3 фунты, а на жаночыя — 2,5. Затым раскладваю яе роўна на стале ў хаце ці, так бы мовіць, сцялю яе. Потым складваю. Зашываю ў тканіну, каб не рассыпалася. Пачынаю скручваць. Каля дваццаці хвілін трэба качаць яе на стале, каб заснаваць. Затым іду ў сваю майстэрню на вуліцу. Там стаіць печ і знаходзяцца ўсе неабходныя інструменты. Пераходжу да наступнай стадыі працы над воўнай. Яе трэба добра выварыць гарачай вадой. Памыць гаспадарчым мылам. Надаю адпаведную форму. Убіраю ўсё лішняе, — дзеліцца сакрэтамі майстэрства Аляксандр Мікалаевіч.
Ах, якія ж добрыя валёнкі атрымоўваюцца ў гэтага руплівага гаспадара! Іх можна насіць больш за дзесяць гадоў, і яны не парвуцца. А сакрэт вельмі просты — ніякай хіміі, усё зроблена сумленна і, галоўнае, з душой.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Аляксандр Галкоўскі разам з дачкой Дашай і ўнучкай Насцяй.