Клімавіцкі раён на старонках “Обзора Могилевской губернии”

У другой палавіне 19 — пачатку 20 ст. у горадзе Магілёў выдаваўся штогоднік “Обзор Могилевской губернии”. Кожны год з гэтай назвай з друку выходзіла адна кніга, дзе рабіўся агляд гаспадаркі, культурнага і грамадскага жыцця, даваліся звесткі аб падзеях, з’явах і здарэннях, якія адбыліся на тэрыторыі губерні за мінулы год.
На яе старонках ёсць радкі, прысвечаныя шматлікім фактам і падзеям, што мелі месца ў Клімавічах і некаторых іншых паселішчах раёна.
1881 год. За гэты справаздачны год даход горада Клімавічы быў 3824 рублі 42,5 кап. (грошы таго часу), а расход — 4213 рублёў 29 кап. Тут працавалі 2 бальніцы (гарадская і турэмная), у якіх на працягу 1881 года лячыліся 164 чалавекі (116 мужчын і 48 жанчын). У мястэчку (цяпер вёска) Мілаславічы на сродкі памешчыка Мяшчэрскага дзейнічала багадзельня, дзе ўтрымоўваліся 7 абяздоленых людзей.
1882 год. За гэты год у горадзе Клімавічы было заключана 14 шлюбаў, нарадзілася 116 дзяцей (66 хлопчыкаў і 50 дзяўчынак), памерлі 48 жыхароў (27 мужчын і 21 жанчына), колькасць насельніцтва павялічылася на 68 чалавек. У Клімавічах дзейнічалі 2 бальніцы (гарадская і турэмная), у якіх на працягу года лячыліся 120 чалавек (96 мужчын і 24 жанчыны), на ўтрыманне бальніц страчана 6627 рублёў 5 кап.
За 1882 год даход Клімавічаў складаў 3118 рублёў 61,5 кап., а расход — 3117 рублёў 67 кап.
1883 год. У горадзе Клімавічы за гэты год было заключана 28 шлюбаў, нарадзілася 123 дзіцяці (65 хлопчыкаў і 58 дзяўчынак), памерлі 66 жыхароў (40 мужчын і 26 жанчын), колькасць насельніцтва павялічылася на 57 чалавек.
1900 год. За гэты справаздачны год насельніцтва горада Клімавічы складалі 5061 чалавек (2456 мужчын і 2605 жанчын). На працягу года тут заключана 40 шлюбаў, нарадзілася 202 дзіцяці (112 хлопчыкаў, 90 дзяўчынак), памерлі 124 жыхары (74 мужчыны і 50 жанчын), колькасць насельніцтва горада павялічылася на 78 чалавек. У Клімавічах у 1900 г. налічвалася 2345 галоў жывёлы (510 коней, 850 рагатай, 420 свіней, 360 авечак, 205 галоў коз).
У 1900 г. у горадзе Клімавічы функцыяніравалі 2 бальніцы (гарадская і турэмная), у абедзвюх знаходзіліся на лячэнні 246 чалавек, з іх памерлі 7 хворых. У горадзе працавалі 4 урачы, 2 фельчары, 2 павівальныя бабкі, адзін зубны ўрач, адзін правізар, адна аптэка, адна аптэчная лаўка; 2 ветэрынарныя ўрачы і 3 ветфельчары; адна цырульня. Гадавы даход Клімавічаў быў 4644 рублі 33 кап.
У вёсцы Дубравіца дзейнічала багадзельня, у якой знаходзіліся 14 бедных і абяздоленых людзей. На іх утрыманне на працягу года было страчана 135 рублёў.
У мястэчку Мілаславічы працавала багадзельня, дзе жылі 6 абяздоленых чалавек, на ўтрыманне іх затрачана 70 рублёў.
1904 год. За гэты справаздачны год у горадзе Клімавічы было заключана 34 шлюбы, нарадзілася 207 дзяцей (112 хлопчыкаў, 95 дзяўчынак), памерлі 150 жыхароў (92 мужчыны, 58 жанчын), колькасць насельніцтва павялічылася на 57 чалавек.
1907 год. Паміж Клімавічамі і Магілёвам пачасціўся ход пошты на 3 аднаконныя ў тыдзень. У Клімавічах дзейнічала крэдытнае таварыства.
1908 год. За гэты год у Клімавічах заключана 36 шлюбаў, нарадзіліся 198 дзяцей, памерлі 105 чалавек, колькасць насельніцтва павялічылася на 93 чалавекі. У горадзе дзейнічалі ашчадная каса і дабрачыннае таварыства (налічвала 24 члены).
1909 год. У Клімавічах дзейнічала 17 дробных прадпрыемстваў, дзе працавалі ўсяго 40 рабочых.
1910 год. За гэты год у Клімавічах заключаны 22 шлюбы, нарадзіліся 59 дзяцей, памерла 28 жыхароў. Колькасць насельніцтва вырасла на 31 чалавека. У горадзе дзейнічала дабрачыннае таварыства. У Клімавічах налічвалася 1710 галоў жывёлы, у тым ліку 365 коней, 775 рагатай, 300 свіней, 220 авечак, 50 коз.
1911 год. У Клімавічах было заключана 28 шлюбаў, нарадзілася 161 дзіця, памерлі 142 жыхары, колькасць насельніцтва за 1911 год павялічылася на 19 чалавек. У горадзе налічвалася 6 садаўладальнікаў (мелі 463 яблыні, 62 грушы) і 8 пчалаводаў (59 вулляў).
Падрыхтавала Ганна Дулеба,
г. Мінск.