Залаты фонд Клімаўшчыны

Будучае пачынаецца не сёння і не заўтра. Яно пачынаецца ўчора. Усё, чаго дасягнула наша краіна, — гэта найперш заслуга тых, хто закладваў моцны фундамент нашай эканамічнай, палітычнай, ваеннай і інтэлектуальнай магутнасці. Пра людзей, стаўшых сапраўдным залатым фондам Клімаўшчыны, вядзе гаворку дырэктар бібліятэчнай сеткі Таццяна Пятроўна ДАМЕНІКАН.
— Хачу звярнуць вашу ўвагу, шаноўныя сябры, на выданне, якое зусім нядаўна з’явілася ў фондах нашых бібліятэк. Гэта бібліяграфічны нарыс Барыса Далгатовіча “Почетные граждане белорусских городов”. На старонках кнігі можна знайсці цікавыя звесткі аб лёсе лепшых людзей Беларусі. У тым ліку і нашых землякоў, біяграфіі якіх — жывое сведчанне гераічнасці, мужнасці, самаадданасці, вялікай любові да роднага краю.
Аляксандр Віктаравіч АСМАЛОЎСКІ праславіў не толькі Клімавіцкі, але і Слаўгарадскі раёны. Нарадзіўся ён у вёсцы Асмолавічы. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на тэрыторыі Слаўгарадчыны ў партызанскім атрадзе, а пасля вызвалення гэтага раёна ўступіў у дзеючую армію. Быў сапёрам 110-й стралковай дывізіі. Пасля вайны скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. Працаваў спачатку настаўнікам, потым загадчыкам рана, старшынёй Дрыбінскага райвыканкама, першым сакратаром Магілёўскага РК КПБ. Апошнія 18 гадоў (да выхаду на пенсію) узначальваў упраўленне адукацыі аблвыканкама. Узнагароджаны ордэнамі Славы, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, шматлікімі медалямі.
Уладзімір Іванавіч МАРКАЎ у гады Вялікай Айчыннай вайны быў начальнікам разведкі ў партызанскім атрадзе “За Радзіму”, затым яго камандзірам (атрад дзейнічаў на тэрыторыі нашай вобласці і раёна). З’яўляўся ўдзельнікам Парада Перамогі 24 чэрвеня 1945 г. Працаваў намеснікам міністра радыёпрамысловасці СССР, быў арганізатарам і генеральным дырэктарам Цэнтральнага навукова-вытворчага аб’яднання “Вымпел” (проціпаветраная абарона і кантроль касмічнай прасторы). Ён — кандыдат тэхнічных навук. Мае 29 урадавых узнагарод.
І зусім нядаўна (у 2010 г.) за плённую і дабрачынную дзейнасць высокае званне “Почетный гражданин Климовичского района” прысвоена Івану Андрэевічу БАРШЧОВУ. Большасць клімаўчан ведае, што ён стаяў ля вытокаў Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. Першы ў Рэспубліцы Беларусь дабрачынны “Лайанс”-клуб быў арганізаваны па яго ініцыятыве. Іван Андрэевіч шмат гадоў супрацоўнічае з гуманітарнымі ініцыятывамі Галандыі, Бельгіі, Германіі і іншых краін Еўропы. З яго дапамогай аказваецца фінансавая падтрымка аддзяленню кругласутачнага пражывання пажылых грамадзян (в. Барысавічы), а таксама адноўлена царква ў аграгарадку Мілаславічы. Імя І.А.Баршчова занесена ў Кнігу славы Клімаўшчыны.
Біяграфіі ганаровых грамадзян можна аб’яднаць адным выразам: іх подзвіг даўжынёй з жыццё. Гэтыя людзі з’яўляюцца залатым фондам Клімаўшчыны. Іх заслугі натхняюць маладое пакаленне на новыя дасягненні.
Запісала Валянціна КВАРЦЮК.