Клапатлівы стараста

Стараста вёскі — гэта не толькі першы памочнік мясцовай улады, а і галоўны дарадца, часам настаўнік для сваіх землякоў. Людзі добра адчуваюць: хто да іх ставіцца з адкрытай душой, а хто імкнецца схлусіць, падацца штучным “дабрачком”. Таму званне — стараста вёскі — атрымоўвае самы паважаны і аўтарытэтны жыхар.
Тры гады назад старастай вёскі Барысавічы была выбрана Н.У. Раманенка. Вяскоўцы сказалі сваё цвёрдае слова і не памыліліся.
Ніна Уладзіміраўна сэрцам “хварэе” за землякоў. З павагай адносіцца да кожнага з іх. І як вынік — яе праца не засталася незаўважанай. У лютым яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. Але самая каштоўная для яе ўзнагарода — словы падзякі ад людзей.
Ніна Уладзіміраўна больш за сорак гадоў прысвяціла педагагічнай працы. За гэты час яна “пасеяла” збожжа ведаў і жыццёвай мудрасці ў душах трох пакаленняў сваіх землякоў.
Яе шлях да настаўніцтва быў не выпадковы. Вырасла ў сям’і настаўнікаў. Ад бацькоў не раз чула пра спецыфіку гэтай прафесіі. Таму, калі сама прадоўжыла сямейную дынастыю, імкнулася быць добрым спецыялістам з першых крокаў. І гэта ў яе атрымалася.
Н.У.Раманенка цікава праводзіла ўрокі, прымала актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, вяла розныя гурткі. Доўгі час была камандзірам сандружыны, старшынёй таварыства “Веды” калгаса “Герой працы”… Яна ўзнагароджана шматлікімі граматамі РАНА.
Ніна Уладзіміраўна — шчаслівая жонка, маці і бабуля. Разам з мужам Пятром Дзмітрыевічам яна выхавала двух сыноў. Цешыцца сваімі трыма ўнукамі.
Н.У.Раманенка мае багата розных захапленняў. Любіць чытаць, піша вершы, вышывае, зрэдку можа пайграць на баяне.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.