Крокі праз стагоддзі

Шмат каму з сучасных жыхароў і гасцей нашага горада даводзіцца звяртацца за лекамі ў цэнтральную раённую аптэку. Тут працуе добразычлівы калектыў, якому людзі шчыра ўдзячны за высакародную місію — берагчы здароўе, ісці насустрач з адкрытымі сэрцам і душой тым, хто ў гэтым мае неадкладную патрэбу.
Зробім экскурс у гісторыю.
Развіццё аптэчнай справы, як сведчаць дакументы, што захаваліся, пачалося на Клімаўшчыне ў 1860 годзе. Тады ў Мілаславічах была адкрыта так званая вольная аптэка.
Пачынаючы з 1890 года, у Клімавічах функцыянавалі аптэка (уладальнік — Юдка Лур’е), 2 аптэчныя лаўкі. Дзейнічалі таксама 4 аптэкі, 8 такіх жа лавак у Клімавіцкім павеце. У мястэчку Мілаславічы гаспадаром аптэкі з’яўляўся Берка Шапіра.
З 1946 па 1952 год загадчыкам названай медыцынскай установы ў райцэнтры працаваў Ізраіль Дановіч.
Усё гэта стала асновай для далейшага станаўлення важнай справы. Працягвала яе разам з тагачаснымі калегамі-паплечнікамі выпускніца Пяцігорскага фармацэўтычнага інстытута Наталля Пракоф’ева. Тады аптэка размяшчалася ў старым драўляным доме з трох пакояў. Частка медыкаментаў знаходзілася ў хляве.
Патрабаваліся перамены. У перыяд з 1957 па 1958 год было пабудавана новае памяшканне. Тут зараз і знаходзіцца цэнтральная аптэка.
Хацелася б нагадаць, што значны ўклад у сістэму аховы здароўя ў розныя часы ўнеслі яе кіраўнікі Галіна Марчанка, Галіна Вінтова, выпускніца фармацэўтычнага факультэта Віцебскага медінстытута.
Больш за трыццаць сем гадоў на чале калектыву знаходзілася Ларыса Гладкая. Вялікай душы чалавек, яна ў 2003 годзе перадала справу ўсяго свайго жыцця Ніне Скупяка, якая кіруе тут і зараз. Ветэраны заўсёды шчыра дзеляцца з маладымі пераемнікамі каштоўным вопытам, не забываюць адзін аднаго.
Цяпер у сямі аптэках Клімаўшчыны шчыруе 21 фармацэўтычны работнік, з іх 5 правізараў, 16 фармацэўтаў. Як паведамілі ў аптэцы, на працягу апошніх пяці гадоў значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база. Паўсюдна праведзены касметычныя рамонты, заменена гандлёва-вітрыннае, халадзільнае абсталяванне. Ёсць у ЦРА тры камп’ютары, мадэмная сувязь. Усё гэта дапамагае якаснаму абслугоўванню насельніцтва.
Падрыхтаваў да друку Мікалай ГЛУЗДОЎ.