Матчын скарб — дзеці

Матчын скарб — дзеці

Пяць дзяцей, дзесяць унукаў, пяць праўнукаў — вось самае каштоўнае багацце ў жыцці Я.І. Пруднікавай (на здымку). Нават на адлегласці яна сагравае сваёй мацярынскай пяшчотай родных людзей, а тыя ў сваю чаргу — яе. Нібы нябачная нітка, якая цягнецца праз пакаленні, звязвае іх.
Пра Яўгенію Іванаўну можна казаць нямала цёплых слоў. Пасля сямі класаў яна пайшла працаваць у брыгаду. Потым уладкавалася на ферму, дзе трыццаць пяць гадоў адпрацавала свінаркай.
— Шчыравала без водпуску і выхадных. У дэкрэтным адпачынку больш двух тыдняў не сядзела. Трэба было грошы зарабляць, дзяцей карміць, — кажа Яўгенія Іванаўна.
Сваіх трох сыноў і двух дачок Пруднікава з маленства прывучала да працы. Зараз яна па праву можа ганарыцца імі. Выраслі дзеці і, нібы птушкі, паляцелі з бацькоўскай хаты. Сын Васіль жыве ў Круглым, а Мікалай, Іван, Клава і Аня — у Магілёве. Часта яны збіраюцца разам у бацькоўскай хаце.
Яўгенія Іванаўна — актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, адна з лепшых чытачоў мясцовай бібліятэкі.
— З дзяцінства люблю чытаць. З задавальненнем перачытваю творы класікаў беларускай літаратуры — Быкава, Шамякіна. Захапляюся дэтэктывамі, — прызнаецца кнігалюб.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.