Наш талент — дзеці

Чвэрць стагоддзя крочыць рэспубліканская акцыя “Чарнобыльскі шлях” — дарога жыцця” па рэгіёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. За гэты час больш за тысячу артыстаў праехалі з канцэртамі па розных куточках Беларусі, Украіны, Расіі. Гасцямі Клімаўшчыны былі “Песняры”, “Сябры”, “Церніца” і іншыя творчыя калектывы.
Удзельнікаў дабрачыннай акцыі сёлета віталі дарослыя, моладзь, школьнікі аграгарадка Родня. Тут у сельскім Доме культуры прайшла цёплая творчая сустрэча. Нязменная вядучая і натхняльнік такіх праграм, ураджэнка Чэрыкаўскага раёна Кацярына Копелева сардэчна павітала ўсіх прысутных з такой нагоды.
Адкрыў сустрэчу адзін са знакамітых калектываў на Беларусі — ансамбль народнай музыкі “Свята”. Менавіта яго ўдзельнікі разам з іншымі артыстамі 25 год таму назад з плошчы імя Леніна ў Гомелі распачыналі гэту дабрачынную місію.
Зала авацыямі сустракала кожнага эстраднага спевака — Стэлу, якая нядаўна заваявала Гран-пры на фестывалі джазавай музыкі ў ЗША, Генадзя Санько, Ангеліну Мажар, іншых выканаўцаў.
Безумоўна, выступілі ў канцэрце і клімавіцкія дзеці — навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў. Гледачы не шкадавалі апладысментаў для Лізаветы Сапожнікавай, Таццяны Драгілевай, Сняжаны Гаварытавай, Аліны Кошалевай, Алены Кашанскай, Карыны Шлапаковай, удзельнікаў узорнага харэаграфічнага калектыву “Жывіца”.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы маленькія “зорачкі” з Клімавічаў (і не толькі) дастойна прадстаўляюць Беларусь на прэстыжных творчых конкурсах. 21 красавіка ў Мінску адбудзецца рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў “У будучыню — з надзеяй”. У ім прымуць удзел і нашы рабяты.
Намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова, старшыня Родненскага сельскага Савета Васіль Саламацін, начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Хаўранкова ад імя ўсіх прысутных выказалі душэўную падзяку артыстам за вялікі ўклад у духоўнае развіццё Беларусі.
На памяць аб гэтай сустрэчы Алена Дзівакова падаравала гасцям сувенір, выраблены навучэнцамі дзіцячай мастацкай школы.
А ў раённым цэнтры культуры малышы з задавальненнем паглядзелі канцэрт-казку сталічнага музычнага дзіцячага тэатра “Фантазія”.
Раіса Сяргеенка.