Паўстагоддзя разам

Паўстагоддзя разам

Валянціна Міхайлаўна і Пётр Васільевіч Кашура (на здымку) — з Казусёўкі Родненскага сельсавета. Абодва з сялянскіх сем’яў. Хадзілі ў адну школу, спачатку ў пачатковую ў сваёй вёсцы, затым — у Малашкавіцкую сямігодку, дзе дырэктарам у той час працаваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы Міхаіл Міхайлавіч Балтоўскі. Заканчвалі 10 класаў у Забялышына.
Бацькі заўсёды трымалі вялікую гаспадарку. Трэба было дапамагаць. І пасля школы Валянціна пайшла працаваць у паляводства.
Потым жанчына больш за дваццаць гадоў дастаўляла вяскоўцам пошту. Пётр Васільевіч, адслужыўшы ў арміі, быў трактарыстам, брыгадзірам паляводчай брыгады, прарабам — будаўнічай.
— Трох дачок і двух сыноў выхавалі мы з Васільевічам, — расказвае Валянціна Міхайлаўна. — Дваццаць тры гады я пражыла са свякроваю. Яна дапамагала дзяцей падымаць. За што вельмі ёй удзячна. Дзеці ў нас добрымі, паслухмянымі раслі. Вучыліся, але і па дому, па гаспадарцы дапамагалі. Мы стараліся, каб яны атрымалі адукацыю і прафесіі. Дочкі закончылі інстытуты. Ларыса працуе ў дзяржстраху ў Віцебску, Тамара — выхавацель у Чавусах, Галіна — бібліятэкар і некалькі гадзін настаўнічае ў школе. Сын Мікалай працуе ў Мінску на “Інтэграле”, Васіль — слесарам на адным з магілёўскіх прадпрыемстваў.
Пяцьдзесят першы год пайшоў як Валянціна Міхайлаўна і Пётр Васільевіч разам. Для іх заўсёды свята, калі прыязджаюць дзеці, сямёра ўнукаў.
Раіса Сяргеенка.