Вартыя ўвагі маці і дзіцяці

Людміла А. мужа не мае. Як прынята казаць, адзінокая. Хаця чаму “адзіночка”? У 34-гадовай маладзіцы ёсць дзеці. Меншанькаму крыху больш за тры гадкі. Камісія па справах непаўналетніх прыняла летась рашэнне адабраць дзяцей, узяць пад ахову дзяржавы. Прычына, на жаль, звыклая: маці боўталася немаведама дзе. Дома было — парог не пераступіць. Брудна, няўтульна.
Цяпер малышы зноў жывуць разам з маці. Нягледзячы ні на што, горнуцца маленькія сэрцайкі да жанчыны, якая пусціла іх на свет. Іх вярнулі дамоў, бо яна, пэўна, узялася за розум. Навяла парадак. Хочацца верыць, што дрэннае больш не будзе атручваць жыццё гэтай сям’і. Усё залежыць ад Людмілы.
Усяго ж дзяцей вярнулі ў 4 біялагічныя сям’і. Толькі паводзяць сябе бацькі па-рознаму. Ці хопіць сіл перамагчы саміх сябе, выкараніць з душы спажывецкія адносіны да жыцця, парваць са шкоднымі звычкамі? Адказ дасць толькі час.
На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама былі разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў адносінах да бацькоў, якія проста апусцілі рукі перад набалелымі праблемамі.
Надзея С. (абавязаная асоба) у каторы раз супрацоўнікамі міліцыі была затрымана пад “мухай”. У доме збіраюцца чужыя людзі. Дзесяцігадовая дачка знаходзіцца ў СПЦ. Калі туды цвярозай прыходзіць маці, дзяўчынка проста квітнее. Як толькі, бывае, пойдзе ў загул — перажывае, становіцца няўпраўнай, непаслухмянай.
Ды яшчэ “добрая” сяброўка збівае Надзею з панталыку. Дарэчы, яе таксама выклікалі на пасяджэнне камісіі. Бо сын здзейсніў два крадзяжы. Надзея запазычыла дзяржаве за ўтрыманне дзіцяці, камунальныя і іншыя паслугі значную суму. Па ўсім відаць, можа трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый, як інфармавалі супрацоўнікі РАУС.
У ходзе пасяджэння члены камісіі абмеркавалі таксама пытанні, звязаныя з работай аддзела адукацыі райвыканкама па абароне правоў, у тым ліку жыллёвых, непаўналетніх дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў.
Разгледжана інфармацыя абласной пракуратуры аб стане законнасці і барацьбе са злачыннасцю, правапарушэннямі, п’янствам і безнагляднасцю сярод непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў.
У рабоце камісіі актыўны ўдзел прымаў пракурор раёна Аляксандр Землякоў.
Раіса Раманава.