З гісторыі пошты на Клімаўшчыне

У даўнія часы пошты ў сучасным яе разуменні не было не толькі на Беларусі, але і ў іншых краінах. Не існавала тады і спецыяльных устаноў для правядзення паштовых аперацый і дастаўкі пісьмаў, пісьмовых уведамленняў, бандэроляў, пасылак, грашовых пераводаў. Паштовая сувязь была недасканалай і нерэгулярнай.
У ХIV-XV стагоддзях вялікія і ўдзельныя князі Вялікага княства Літоўскага (у яго склад уваходзілі тады і беларускія землі) трымалі для перасылкі ўказаў, данясенняў, пісьмовых і вусных паведамленняў так званых ганцоў (нарачных, пасланцаў, кур’ераў), якія дастаўлялі іх да вызначанага месца на конях ці пяшком. З развіццём вытворчасці, гандлю і культуры ўзнікла патрэба ў рэгулярнай і больш хуткай паштовай сувязі. З цягам часу пачалі стварацца спецыяльныя паштовыя ўстановы для дастаўкі пошты і ажыццяўлення паштовых аперацый.
Першыя паштовыя ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й палове XVI стагоддзя, калі пачалося тут будаўніцтва паштовых трактаў і дарог, уздоўж якіх узводзіліся паштовыя конныя станцыі.
Аднак з пісьмовых крыніц бачна, што ў XIX—пачатку XX стагоддзяў ў Магілёўскай губерні (у яе склад уваходзіла і тэрыторыя сучаснага Клімавіцкага раёна), як і ў Беларусі ўвогуле, сетка паштовых устаноў была рэдкай. Так, згодна справаздач упраўлення Магілёўскай губерні, у 1900 годзе тут было толькі 18 паштова-тэлеграфных кантор, 25 паштова-тэлеграфных і 30 паштовых аддзяленняў. А на пачатку студзеня 1914 года на тэрыторыі Магілёўскай губерні працавала 27 паштова-тэлеграфных кантор, 49 паштова-тэлеграфных аддзяленняў і 21 паштовае аддзяленне. Колькасць паштовых аддзяленняў да гэтага часу паменшылася, таму што многія з іх былі пераўтвораны ў паштова-тэлеграфныя аддзяленні. Апрача паштовых устаноў, паштовыя аперацыі выконваліся ў 86 валасных праўленнях Магілёўскай губерні (1909 год).
У 2-й палове ХІХ — пачатку XX стагоддзяў, як і раней, асноўным сродкам перавозкі пошты з’яўляўся конны транспарт. Так, у 1882 годзе ў Магілёўскай губерні існавала 65 дзяржаўных конных паштовых станцый, на якіх утрымоўвалася 767 коней. З развіццём чыгуначнага транспарту значэнне коннай возкі пошты знізілася. Напрыклад, у 1909 годзе ў Магілёўскай губерні дзейнічала ўжо толькі 30 дзяржаўных паштовых конных станцый, дзе ў гэты ж час утрымоўвалі 199 коней. Ямшчыкі вазілі не толькі пошту, але і людзей за пэўную плату.
Працягласць паштовых трактаў і прасёлачных дарог, па якіх вазілі пошту на конях, складала ў Магілёўскай губерні 1817 вёрст (1913 год).
У межах сучаснага Клімавіцкага раёна ў 2-й палове XIX — пачатку ХХ стагоддзя працавалі наступныя дзяржаўныя паштовыя конныя станцыі: Дамамерыцкая, Звянчацкая, Клімавіцкая і Хатовіжская. Самай вялікай з іх з’яўлялася Клімавіцкая паштовая конная станцыя, на якой у 1914 годзе ўтрымоўвалася 17 коней.
У першай палавіне ХІХ стагоддзя была заснавана Клімавіцкая павятовая паштовая кантора, якая ў 2-й палавіне гэтага ж стагоддзя пераўтворана ў паштова-тэлеграфную кантору. У розныя гады начальнікамі паштова-тэлеграфнай канторы працавалі Нікіфар Ананіч, Мікалай Сухадольскі, Цімафей Ліпоўскі і іншыя.
У 2-й палове XIX стагоддзя было адкрыта Звянчацкае паштовае аддзяленне, якое ў 1912 годзе пераўтворана ў паштова-тэлеграфнае аддзяленне.
У канцы XIX стагоддзя заснавана Хатовіжскае паштовае аддзяленне, якое потым (не пазней 1901 года) было пераўтворана ў паштова-тэлеграфнае аддзяленне.
У 1909 годзе адкрыта Дамамерыцкае паштовае аддзяленне.
Паштовыя аперацыі выконваліся ў Клімавіцкай паштова-тэлеграфнай канторы і ў валасных праўленнях Клімавіцкага павета.
Паштовыя карэспандэнцыі (пісьмы, пісьмовыя паведамленні), бандэролі, пасылкі, грашовыя пераводы адпраўляліся з Клімавічаў у Оршу, Віцебск, Мсціслаў, Чэрыкаў, Магілёў, Гомель, Мінск і іншыя паселішчы Беларусі, у Маскву, С.-Пецярбург і іншыя гарады Расійскай імперыі, а дастаўляліся сюды таксама з розных месц.
Ганна ДУЛЕБА.
г. Мінск.