Вялікая сям’я — вялікае шчасце

Вялікая сям’я — вялікае шчасце

Юлія Аляксееўна і Сяргей Сяргеевіч Юрчанкі з Клімавічаў выхоўваюць трох сыноў і дачку. Шматдзетная маці пераканана ў тым, што на свеце ёсць шмат прыгожага, але самае лепшае ў жыцці — дзеці.
Днямі аўтар гэтых радкоў спыніла свой позірк на вясёлай “чародцы” дзетак, якія, абкружыўшы з усіх бакоў сваю матулю, весела пра нешта расказвалі. Я падыйшла да іх бліжэй. Пазнаёміліся. Шматдзетная маці Юлія Аляксееўна аказалася надзвычай цікавай субяседніцай.
— Мне ўвесь час хацелася мець браціка ці сястрычку. Але, на жаль, гэта мара так і не здзейснілася. Пазней пачала думаць пра ўласную вялікую сям’ю. І вось, як бачыце, я зараз магу назваць сябе шчаслівай жанчынай, — прызнаецца мая суразмоўца.
Старэйшы ў сям’і сын Сяргей. Ён вучыцца ў пятым класе САШ № 3. Данііл і Ігнат наведваюць дзіцячы садок “Бярозка”. Іх сястрычка Паліна з’явілася на свет крыху больш за год назад.
Зараз на плечы Юліі Аляксееўны ўскладзены пачэсны абавязак — выхаванне дзетак. Да дэкрэтнага адпачынку яна рабіла паштальёнам. Яе муж працуе ў будаўнічым трэсце № 3 г. Крычава, дзе заняты на будоўлі цэмзавода.
— Мы жывём дружна. Старэйшыя хлопчыкі дапамагаюць глядзець малодшых. З маленства вучым іх самастойнасці, узаемадапамозе. Я ўпэўнена, што ў шматдзетных сем’ях не вырастуць эгаісты і лайдакі, — кажа жанчына.
Таццяна Падліпская.