Як вясною стаць студэнтам

Як вясною стаць студэнтам

Першага красавіка надоўга запомніцца вучаніцы 11 класа САШ № 1 Наталлі Новікавай. У гэты дзень яе ўзнагародзілі Дыпломам трэцяй ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за высокія вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі.
За гэтым дасягненнем стаяць дні карпатлівай падрыхтоўкі Наталлі пад кіраўніцтвам яе настаўніка і адначасова маці Людмілы Пятроўны Новікавай.
— Да алімпіяды пачала рыхтавацца яшчэ з дзявятага класа. Штодзённа па некалькі гадзін я рабіла розныя заданні, чытала адпаведную літаратуру па тэме, добрасумленна выконвала ўсе парады майго настаўніка. Толькі мэтанакіраваная праца здольна прывесці да поспеху. Заданні на рэспубліканскай алімпіядзе былі не з лёгкіх. Восемдзесят працэнтаў пытанняў — з міжнародных алімпіяд. Гэта перамога мяне аўтаматычна залічыла ў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, — кажа адзінаццацікласніца.
У чым сакрэт поспеху вучняў на алімпіядах? — звярнуўся аўтар гэтых радкоў да таленавітага настаўніка.
— Па-першае, многае залежыць ад бацькоў. Важна, каб яны часцей казалі дзецям, што яны здольныя, каб імкнуліся дапамагаць ім рэалізаваць іх магчымасці. Па-другое, інтэлектуальны патэнцыял вучня, яго ўменне самастойна здабываць веды, рабіць пэўныя вывады. Па-трэцяе, кампетэнтнасць настаўніка, — разважае Л.П.Новікава.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Наталля і Людміла Пятроўна Новікавы.