Дзякуй табе, салдат перамогІ!

9 Мая. Гадзіннік адлічыў 10.30 раніцы. Прадстаўнікі органаў улады, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў наведваюць гарадскія могілкі. Каля помніка савецкім воінам адбываецца мітынг. Праз якія выпрабаванні прайшоў наш народ у гады вайны, у сваіх выступленнях адзначалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Марыя Пракопчык, раённы ваенны камісар Валерый Цімошык, старшыня грамадскай арганізацыі былых малалетніх вязняў фашысцкай няволі Клімавіцкага раёна Марыя Карнеенкава, вучні першай гарадской школы. Потым асноўныя падзеі Свята Перамогі пераносяцца ў цэнтр горада.
У галаве калоны — кіраўніцтва раёна разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Нягледзячы на паважаны ўзрост прадстаўнікі пакалення пераможцаў імкнуцца быць у гушчы падзей, асабліва такіх важкіх для краіны, як 9 Мая. На вуліцах — моладзь і дзеці. Разам з бацькамі яны прыйшлі на гэта свята, каб дакрануцца да гісторыі: паглядзець у твары сваіх выратавальнікаў, аддаць даніну памяці загінуўшым.
Пачынаецца шэсце. Людзі ідуць па Алеі Герояў да Вечнага агню і ўскладаюць кветкі. У гэтыя хвіліны мы ўспамінаем пра подзвігі салдат Перамогі — гонар нашай зямлі. І зноў мітынг-рэквіем. Да прысутных звяртаецца старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка.
— Шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! Паважаныя клімаўчане!
Вось ужо 66-ы раз мы адзначаем адно з самых знамянальных у нашай краіне святаў — Дзень Вялікай Перамогі!
Дзень 9 мая 1945 года стаў для нашага народа днём гонару і славы, днём заканчэння страшэннай вайны. І праз шмат гадоў гэта дата застаецца светлым і мірным святам гераізму нашых дзядоў і прадзедаў, святам свабоднага і мірнага жыцця, трыумфам незалежнасці нашай дзяржавы.
У памяці народнай назаўсёды застанецца самаадданасць і мужнасць тых, хто вытрымаў цяжкія выпрабаванні і перамог у самай жорсткай вайне мінулага стагоддзя, — адзначыў Васіль Аляксеевіч. — Для беларускага народа Дзень Перамогі мае асаблівае значэнне. Наша рэспубліка ў ваенным ліхалецці пацярпела, як ні адна краіна ў свеце. Была знішчана ўся інфра-структура, аб некалі мірным жыцці нагадвалі толькі попел спаленых вёсак і руіны некалі квітнеючых гарадоў.
Подых вайны ўвайшоў у кожны дом і нашай роднай Клімаў-шчыны. 15 жніўня 1941 года наш раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія пакінулі на нашай зямлі крывава-апусташальны след: 8203 чалавекі загінулі на полі бою, 1295 мірных жыхароў былі бязлітасна знішчаны, 2538 — гвалтоўна вывезены ў Германію.
Нашы землякі з першых дзён змагаліся на фронце, праяўляючы мужнасць і гераізм. Больш за 4 тысячы з іх былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сярод іх 8 Герояў Савецкага Саюза, 2 поўных кавалеры ордэна Славы.
Сыходзяць у гісторыю падзеі той вайны, усё менш застаецца сярод нас прадстаўнікоў Вялікага пакалення Пераможцаў. І таму адказнасць наша перад ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ўзрастае ў шмат разоў.
Паважаныя ветэраны! Мы абавязаны вам усім — жыццём, свабодай, шчасцем нашых дзяцей. Нізкі паклон вам! Жывіце доўга, заставайцеся для нас прыкладам гонару і мужнасці.
Клімаўчане больш за шэсць дзясяткаў гадоў нясуць эстафету працоўнага подзвігу мінулых пакаленняў: будуюць, упрыгожваюць свой город. Праслаўляюць яго гасціннасцю, ганарацца незалежнай і квітнеючай Беларуссю, сімвалы якой — герб і флаг — з годнасцю прадстаўляюць нашу дзяржаву на міжнароднай арэне і аб’ядноўваюць нас у самыя важныя моманты гісторыі Бацькаўшчыны. І мы павінны памятаць, што патрыятызм і самаадданасць Радзіме пачынаюцца з павагі да яе сімвалаў.
Васіль Захарэнка шчыра павіншаваў землякоў з Днём Перамогі і пажадаў, каб шчасце, радасць і дабрабыт ніколі не пакідалі сем’і клімаўчан.
Старшыня райвыканкама разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Далгуном правялі ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ветэранаў вайны і працы Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі.
Са святам прысутных віншавалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Балтоўскі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Святлана Раханская, вучні трэцяй гарадской школы.
Хвіліна маўчання.
Неўзабаве на сцэне амфітэатра ладзіцца тэматычны канцэрт. Працуе гандаль. Ветэранаў частуюць салдацкай кашай. Наваколле запаўняецца вясёлай людской гаворкай, якая ўсё часцей і часцей дапаўняецца музыкай і спевамі.
Так, свята атрымалася. З Днём Перамогі цябе, Клімаўшчына!
Нікіфар МІНЧАНКА.