Гады, лічбы і падзеі

Гісторыя Клімавічаў уходзіць у глыбіню вякоў. Курганы, стаянкі каменнага веку, селішчы эпохі старажытнай Русі, гарадзішчы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, і знойдзеныя прадметы дамашняга ўжытку сведчаць аб тым, што сучаснаму гораду і вёскам папярэднічалі старажытныя паселішчы.
Першае пісьмовае ўпамінанне аб ім сустракаецца ў 1581 годзе. У гэты час Клімавічы былі цэнтрам стараства, якое ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства, уладальнікам якога з’яўляўся Маціс Галынскі. У 1777 г. Клімавічы назначаны павятовым горадам.
У жніўні 1781 г. Кацярынай ІІ быў выдадзены Указ “Аб зацвярджэнні Магілёўскай губерні намесніцтвам”, у якім сцвярджалася, што “як намесніцкі горад Магілёў і іншыя гарады гербаў не маюць, таму па загаду сената гербы ім дадзены”. Павятовыя гарады Магілёўскага намесніцтва атрымалі гербы, якія, на думку іх стваральнікаў, адлюстроўвалі тую ці іншую асаблівасць горада або павета. “В гербе сего города, утвержденном 16 августа 1781 года, находится золотая пчела в голубом поле, в знак изобилия медом” (Записка о гербе уездного города Климовичи).
Незадоўга да пачатку Айчыннай вайны 1812 г. у сяле Загусціна ў Клімавіцкім павеце царскі ўрад стварыў адно з першых у Расіі ваенных пасяленняў, якое наведаў Аляксандр І.
У 1863 годзе ў Клімавічах налічвалася 1819 жыхароў. У 1880 годзе былі толькі 2 цагляныя будынкі. Упрыгожваў Клімавічы гарадскі сад, закладка якога пачалася восенню 1872 года. У горадзе знаходзіліся 3 вучэбныя ўстановы — павятовае двухкласнае вучылішча, прыходскае вучылішча і прыватны жаночы пансіён.
Вясной 1925 года ў Клімавічах адбылася сустрэча жыхароў горада з Якубам Коласам. Ён расказваў аб сваім жыцці і творчасці, чытаў творы, якіх яшчэ не было ў друку, вёў гутарку па гісторыі беларускай літаратуры. Праз год, у красавіку 1926 года, Якуб Колас зноў завітаў у Клімавічы. Але падрабязных звестак пра той прыезд адшукана пакуль мала.
На жаль, нешырока вядомы нам сёння факт наведвання горада Клімавічы і Клімаўшчыны другім песняром зямлі беларускай — Янкам Купалам.
Трэба думаць, што на Клімаўшчыне ўжо ў 20-я гады была вядома яго творчасць. У чэрвені 1925 года ў райцэнтры адбыўся агульны сход вучняў і настаўнікаў гарадскіх школ, прысвечаны 20-годдзю прыходу Янкі Купалы ў літаратуру.
Клімавіцкая зямля ўзрасціла шмат таленавітых і працавітых людзей: пісьменнікаў і паэтаў, вучоных, настаўнікаў, урачоў, дзеячаў культуры і мастацтва, спартсменаў і трэнераў, знакамітых будаўнікоў і працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
Клімавічы вядомыя не толькі ў нашай рэспубліцы, а і далёка за яе межамі. Нам ёсць кім і чым ганарыцца. А 20 снежня гэтага года Клімавічам споўніцца 430 гадоў.
Мікалай СТАЛЬМАКОЎ.