Гомельскі «Лянок»

Дзіцячы фальклорны ансамбль «Лянок» быў арганізаваны ў дзіцячай школе мастацтваў № 4 у 1998 годзе. Арганізатарам і кіраўніком ансамбля стала выкладчык школы Юлія Нетылькіна. У склад калектыву ўваходзяць 14 навучэнцаў ад 9 да 12 гадоў. Удзельнікі ансамбля — гэта навучэнцы розных аддзяленняў школы мастацтваў.
У час выступленняў дзеці ўражваюць вольнасцю, натуральнасцю паводзін на сцэне, здольнасцю да імправізацыі і адначасова выхаванасцю, стрыманасцю, той унутранай культурай, якая арганічна фарміруецца не ў шуме апладысментаў, а ў карпатлівай, уважлівай рабоце па авалодванню традыцыямі народнага мастацтва. Гэта — таленавітыя дзеці, якія развіваюць свае мастацкія здольнасці ў розных накірунках. Кожны з юных артыстаў — асоба, якая вызначаецца адметнымі талентамі ў выкананні спеваў, танцаў.
Фальклорны ансамбль «Лянок» з’яўляецца пастаянным удзельнікам і пераможцам міжнародных, рэспубліканскіх, гарадскіх конкурсаў і фестываляў. У 2006 годзе калектыў стаў лаўрэатам V гарадскога фестывалю мастацтваў «Вясёлка талентаў» (I месца). У 2007 годзе на конкурсе вакалістаў «Сустрэча з будучыняй» (у намінацыі «народныя спевы») у рамках IV Міжнароднага фестывалю «Масква сустракае сяброў» ансамбль быў удастоены III месца, звання лаўрэата. У 2008 годзе ансамбль атрымаў званне «ўзорны».
Рэпертуар калектыву пастаянна абнаўляецца. Узорны фальклорны ансамбль «Лянок» з вялікім поспехам выконвае беларускія і рускія народныя песні, асаблівая ўвага надаецца песням каляндарна-абрадавага цыкла.
Заняткі ў класе народных спеваў далучаюць дзяцей да каштоўнасцей беларускай народнай творчасці, выхоўваюць у падрастаючага пакалення паважлівыя адносіны да нацыянальнай культуры Беларусі.