Пяць сыноў — гонар бацькоў

Пяць сыноў  — гонар бацькоў

У Наталлі і Васіля Стасевых з Асмолавічаў пяць сыноў — пяць выдатных памочнікаў. Бацькі выхоўваюць сваіх дзетак асабістым прыкладам. Іх учынкі кажуць лепш любых слоў. Маці сумленна працуе даяркай у КСУП “Эксперыментальная база Раднянская”, а бацька — рабочы УКП “Камунальнік”.
Старэйшыя сыны, Аляксей і Аляксандр, — навучэнцы Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Яны — будучыя механікі. Віктар рыхтуецца стаць студэнтам. Сяргей і Андрэй — вучні сёмага і трэцяга класаў мясцовай школы. Падлеткі добра вучацца, любяць гуляць у шахматы.
У братоў багата розных захапленняў, але іх густы супадаюць у спорце. Яны доўгі час сябруюць з лёгкай атлетыкай.
Сыны дапамагаюць бацькам не толькі пасеяць агароды, управіцца па гаспадарцы, але і ў будоўлі, у нарыхтоўцы дроў. Летам разам з татам косяць сена (а яго патрэбна нямала, каля 13-14 тон, для дзвюх кароў і каня).
— Мае дзеці ўмеюць рабіць усё. Калі трэба, яны і карову падояць, і есці навараць, і ў хаце парадак зробяць. І з касой, і з плугам умела ўпраўляюцца. Словам, на ўсе рукі майстры. Заўжды своечасова прыходзяць на дапамогу. Адно дзіця — гэта шчасце, а пяцёра дзетак павялічваюць гэта пачуццё ў пяць разоў, — прызнаецца матуля.
За добрае выхаванне дзяцей Наталля Алегаўна ўзнагароджана ордэнам Маці. Пра гэту сям’ю аднавяскоўцы кажуць шмат цёплых слоў.
Дзеці — наш працяг, наша будучыня. І яна павінна быць добрай.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.