Вопытны пчаляр

Вопытны пчаляр

Жыхар аграгарадка Ціманава Міхаіл Емяльянаў (на здымку) трымае пчол ужо трыццаць сем гадоў. Пчалярства — яго любімы занятак, які бярэ свой пачатак з дзяцінства.
— Яшчэ малым я заўжды з цікавасцю назіраў, як мой дзядзька даглядае пчол. З таго часу ў маім сэрцы запаліўся агеньчык дапытлівасці аб жыцці гэтых крылатых працаўніц. Пазней, калі ажаніўся, пачаў сам разводзіць пчол. За гэты час я назапасіў багаты вопыт. Не раз пераконваўся ў тым, што пчолы не любяць лайдакоў. Як папрацуеш — такі і вынік будзеш мець, — кажа Міхаіл Пятровіч.
Пчолы М.П.Емяльянава жывуць у павільёне. Яго вясной гаспадар вязе ў вёску Жадунька.
На смачны мёд Емяльянава ёсць пастаянныя пакупнікі.
Міхаіл Пятровіч дбайны гаспадар. Ён доўгі час сумленна адпрацаваў у саўгасе: васямнаццаць гадоў быў пчаляром, а потым механізатарам. Пасля выхаду на пенсію таксама не сядзіць без справы.
Мужчына трымае трусоў, хатнюю птушку, вырошчвае садавіну і гародніну.
Таццяна Падліпская.