Чаму “Гарадок”?

На паўднёвы захад ад вёскі Паўлавічы, на левым беразе невялікай рачулкі Рэкта, у маляўнічым месцы знаходзіцца ўзгорак, на якім растуць векавыя сосны. Яго добра ведаюць усе жыхары. Зімою дзеці любяць тут пакатацца на лыжах, ды і летам — гэта вельмі прыгожая мясціна для адпачынку, якую ўсе называюць “Гарадок”. І так гэта назва пераходзіць ад аднаго пакалення да другога. Але чаму ж “Гарадок”? Які сэнс і змест гэтай назвы? Існуе легенда, што на гэтым месцы знаходзілася царква і яна правалілася. Не кожны жыхар вёскі зможа расказаць пра паходжанне назвы “Гарадок”.
Урочышча “Гарадок” упамінаецца ў Статутнай Грамаце ад 1862 года. “Гарадок” — гарадзішча, старажытнае месца пражывання нашых далёкіх продкаў. Гарадзішча (гарадзіць — будаваць, умацоўваць) — гэта рэшткі ўмацаванага паселішча. Яны ўзніклі ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу, пры пераходзе грамадства ад палявання, рыбалоўства і збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі. На гарадзішча-сховішча збіраліся людзі адной абшчыны з навакольных неўмацаваных паселішчаў у час ваеннай небяспекі. Гарадзішча круглае па форме. З паўночна-усходняга боку працякае рака, па пойме якой можна меркаваць, што яна была даволі вялікай. Процілеглыя бакі гарадзішча ўмацаваны добра бачным ровам.
Адкрыў гарадзішча ў 1928 годзе М.Рухаў, а ў 1994 годзе яго даследвалі вядомы беларускі вучоны-археолаг Вячаслаў Фёдаравіч Капыцін і былы выпускнік Паўлавіцкай васьмігодкі Пётар Мікалаевіч Падгурскі, які зараз працуе выкладчыкам у Віцебскім дзяржаўным педагагічным універсітэце.
На тэрыторыі Беларусі вядома больш за 1500 гарадзішчаў, 6 з якіх знаходзяцца ў нашым раёне. Гэта: Гарадок (І), Гарадок (ІІ), Гарадзешня, Паўлавічы, Роськаў, Селішча.
З мясцовым гарадзішчам я знаёміў удзельнікаў гісторыка-краязнаўчага гуртка “Радзімазнаўства” МЦДМ у час нашай экскурсіі. Вучні з цікавасцю слухалі мой расказ. Ды і самому цікава пабываць на месцы, дзе некалькі тысячагоддзяў назад жылі нашы продкі.
Мікалай СТАЛЬМАКОЎ,
в. Паўлавічы.