Маладыя аратыя

У чарговы раз навучэнцы Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа прынялі ўдзел у конкурсе прафмайстэрства «Лепшы араты» (сярод вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў рэспублікі аграрнага накірунку) і выступілі даволі прыстойна, заняўшы пачэснае чацвёртае месца. Традыцыйна конкурс праходзіў на базе Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Гонар нашага каледжа абаранялі навучэнцы чацвёртага курса аддзялення тэхнічнага забеспячэння працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці Пётр Псеўкін, Мікалай Шпакоўскі, Арцём Бярнштэйн.
Як паведаміў кіраўнік групы, выкладчык Андрэй Анатольевіч Шавярдо, спаборніцтвы праходзілі на працягу трох дзён. Трэба было паказаць тэарэтычныя веды і практычнае ўменне.
Для ўдзельнікаў конкурсу правялі экскурсію па ўніверсітэце. Прыемна, кажа Андрэй Анатольевіч, было сустрэць былых навучэнцаў каледжа, якія пасля заканчэння нашай навучальнай установы паступілі ў БАТУ, у тым ліку па бесперапыннай інтэгрыраванай сістэме прафесійнага навучання.
Галіна Цыганкова.