“Ніхто не забыты, нішто не забыта!”

Гэтыя радкі сталі дэвізам урачыстага закрыцця месячніка патрыятычных спраў, якое адбылося ў актавай зале Клімавіцкага ЦТКіЭ.
На працягу месяца навучэнцы турысцка-краязнаўчых гурткоў стваралі своеасаблівы летапіс, які змяшчае інфармацыю аб паходах па месцах баявой славы і медыцынскіх работніках Клімаўшчыны — удзельніцах Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўспаміны ўдзельнікаў і сведак той вайны. Так, навучэнцы гуртка “Юныя турысты” (кіраўнік А.М.Пашкевіч) добраўпарадкавалі каля вёскі Ганнаўка помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, а таксама запісалі ўспаміны ўдзельніка афганскай вайны Станіслава Міхайлавіча Захарава. Юныя краязнаўцы з Вялікамохскай БШ занатавалі тое, што пачулі ў час гутаркі з сяржантам медыцынскай службы Лідзіяй Міхайлаўнай Аланцовай (яна зараз жыве ў Калінінградзе разам з дачкой).
Пасля справаздач юных турыстаў і краязнаўцаў са словамі падзякі да рабят звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў Алена Яфімаўна Латыголец. Ад імя пошукавай групы “Спадчына” выступіў яе кіраўнік Аляксей Мартынавіч Кажамяка.
Звычайная, будзённая, непрыкметная, але такая патрэбная дзеля выхавання грамадзяніна і патрыёта сваёй Айчыны праца будзе працягвацца.
Пётр ШАШКОЎ,
метадыст ЦТКіЭ.