Пашыраюць кругагляд чытачоў

Пашыраюць кругагляд чытачоў

Хуткаплынны час непрыкметна адлічвае гады, дзесяцігоддзі і людзям, і ўстановам. Вось мы ўжо адзначаем 65 год з дня заснавання Судзілаўскай сельскай бібліятэкі, а таксама 60-годдзе з таго моманту, калі была адкрыта бібліятэка ў вёсцы Галічы. З нагоды гэтых юбілеяў хочацца зрабіць невялікі экскурс у мінулае.
Першым загадчыкам Галіцкай сельскай бібліятэкі быў Канстанцін Малашанка. Размяшчалася яна тады ў калідоры сельскага Савета. Потым некаторы час знаходзілася ў клубе, а з 1958 года займала памяшканне сельскага Савета. Праз тры дзесяцігоддзі бібліятэку спасцігла горкая доля: з-за нядбайнасці суседзяў, што жылі побач, загарэўся хлеў. Не ўдалося выратаваць і бібліятэку. Шмат кніг было знішчана і пашкоджана ў час пажару. Тое, што засталося, перавезлі ў памяшканне Галіцкай сярэдняй школы. Тут бібліятэка знаходзіцца і зараз.
Вось ужо 25 гадоў бібліятэкарам працуе Святлана Іванова. Чытачы розных узростаў, прафесій, запытаў прыходзяць сюды, каб выбраць штосьці для душы і творчасці.
Гісторыя Судзілаўскай сельскай бібліятэкі пачынаецца ў 1946 годзе. Тады гэта была хата-чытальня. У старым будынку размяшчаліся сельскі Савет, аддзяленне сувязі, клуб і бібліятэка. У канцы 80-х гадоў памяшканне канчаткова разбурылася, і бібліятэка была вымушана перабрацца ў Сідараўскі сельскі клуб. А калі ў Судзілах пабудавалі новую сярэднюю школу, то яна пераехала ў вызваленае памяшканне. Але неўзабаве ёй знайшоўся ўтульны, светлы пакой у новай навучальнай установе.
Арганізатарам і першай загадчыцай бібліятэкі была Соф’я Судзілоўская. Затым на змену ёй прыйшла Аляксандра Галкоўская. 10 гадоў адпрацавала ў бібліятэцы Святлана Паборцава. Зараз гаспадыняй установы з’яўляецца Валянціна Кандраценка. Усе намаганні бібліятэкара накіраваны на тое, каб пашырыць кругагляд сваіх чытачоў, зрабіць цікавым іх вольны час.
Мы віншуем работнікаў Судзілаўскай і Галіцкай бібліятэк і ўсіх наведвальнікаў гэтых устаноў культуры са знамянальнымі датамі.
Таццяна ДАМЕНІКАН,
дырэктар ЦБС.

На здымку: Валянціна Кандраценка і Святлана Іванова.