Асаблівае свята сям’і

Асаблівае свята сям’і

Галоўнае свята нашай краіны — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Рэспублікі — стала двайной святочнай датай для сям’і клімаўчан Аляксандра і Вольгі Гудавых. У гэты знакавы дзень на свет з’явілася іх другое дзіця — дачка Ліза. Сёлета ёй споўніцца тры гады. Сімвалічная падзея. Ці не так?
Як прызнаюцца мае суразмоўцы Аляксандр Віктаравіч і Вольга Аляксандраўна, ліпень для іх — шчаслівы месяц. У гэтыя летнія дні, адзінаццаць гадоў назад, яны справілі вяселле.
Пазнаёміліся маладыя людзі выпадкова. Выпускнік Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр прыехаў на працу ў цяперашні аграгарадок Макеевічы. Уладкаваўся на кватэру да мясцовай бабулі. А праз некалькі тыдняў да яе ў госці завітала прывабная ўнучка Вольга, якая ў той час была студэнткай Мінскага вышэйшага каледжа сувязі. Гэта сустрэча стала лёсавызначальнай.
Зараз шчаслівыя бацькі Гудавы выхоўваюць дваіх дзетак. Дзевяцігадовы сын Данііл радуе іх поспехамі ў школе. Ён з задавальненнем наведвае спартыўную секцыю. Ліза ж пакуль любіць гуляць, з ахвотай вучыць дзіцячыя вершы і малюе.
Муж і жонка дбаюць пра дабрабыт сям’і. Аляксандр працуе вядучым эканамістам цэха вытворчасці САМ і масла ААТ “Мсціслаўскі масларобча-сыраробчы завод” . Яго другая палова — электраманцёр станцыённай групы раённага вузла электрычнай сувязі. Маладыя гаспадары вырошчваюць сваю садавіну і гародніну. Да працы на зямлі прывучаюць і дзетак.
У вольны час бацькі разам з сынам і дачкой здзяйсняюць вандроўкі па гарадах Беларусі, каб лепш пазнаёміць малых з прыгожымі краявідамі роднай Беларусі, паказаць ім цікавыя месцы. Імкнуцца вырасціць іх патрыётамі сваёй краіны.
— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь для нас асаблівае свята — і дзяржаўнае, і адначасова асабістае. Мы ўсёй сям’ёй прыходзім на святочныя ўрачыстасці, — кажа Аляксандр Віктаравіч.
Таццяна Падліпская.
На здымку: сям’я Гудавых.