Прыгожыя птушкі

З даўніх часоў чалавек прыручыў многіх жывёл і птушак. Адны з іх даюць людзям ежу, другія служаць дзеля эстэтычнага задавальнення. Да апошніх адносіцца такая прыгожая птушка як голуб. Доўгі час іх выкарыстоўвалі для перадачы паштовых паведамленняў.
У многіх народаў голуб сустракаецца ў розных легендах. У адной з іх расказваецца аб тым, што бог вайны Марс перанёс ваенны паход, таму што белая галубка звіла ў яго баявым шлеме гняздо, адклала там яйкі і выседжвала іх.
Сёння стала добрай традыцыяй выпускаць гэтых птушак у неба падчас вяселля. Лічаць, што яны павінны прынесці шчасце маладым і спраўдзіць іх запаветныя жаданні.
А колькі шчаслівых момантаў дораць яны тым людзям, хто займаецца развядзеннем галубоў!
Не так даўно аўтару гэтых радкоў давялося пазнаёміцца з сапраўдным птушкалюбам — клімаўчанінам Мікалаем Воранавым. У яго нават і прозвішча гаваркое. Яно нібы абавязвае, каб яго ўладальнік станоўча адносіўся да птушак. І гэта сапраўды так.
Мікалай Сцяпанавіч з шасцігадовага ўзросту пачаў разводзіць галубоў. Любоў да гэтага занятку ён пранёс праз гады. Зараз у яго галубятні налічваецца каля ста гэтых прыгожых птушак.
— Я нарадзіўся ў Адэскай вобласці. Там, як вядома, многія сем’і трымаюць галубоў і зарабляюць на гэтым грошы. На дзень нараджэння бацька падарыў мне двух галубоў. Вось з таго часу я ні дня не ўяўляю сабе, каб не ўбачыць гэтых птушак, каб не паназіраць за іх паводзінамі. За што я так палюбіў іх? Яны — сапраўдная крыніца радасці. Пасля цяжкай працы дастаткова некалькі хвілін паназіраць за імі, як стома некуды знікае, на душы робіцца святлей. Яны дораць столькі станоўчых эмоцый і радасці! Падабаюцца галубы за іх прыгожы палёт, за апярэнне… Разводзіў розныя пароды. Былі і паштовыя, і дэкаратыўныя, і гонныя, і курскія, і мікалаеўскія… Але больш за ўсіх майму сэрцу мілей галубы дзвюх апошніх парод, — кажа Мікалай Воранаў. — Шмат прачытаў літаратуры па тэме. Заўжды абменьваюся вопытам і птушкамі з сябрамі-аднадумцамі з Беларусі і Расіі.
Мікалай Воранаў на Клімаўшчыне жыве з 1983 года. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай Паўлаўнай. Яна таксама з вялікай цікавасцю ставіцца да захаплення мужа.
Таццяна МАЛІНІНА.
На здымку: Мікалай Воранаў і яго ўнук Ілля.