Рыцарскі фэст

Рыцарскі фэст

Большасць з нас у юнацтве захапляліся раманамі пра доблесных рыцараў. Яны з павагай адносяцца да жанчын, умеюць прыгожа кахаць. Таму нездарма і сёння многія сучасныя дзяўчаты мараць пазнаёміцца з сапраўдным “рыцарам”. І гэта магчыма.
На свята сярэдневяковай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2011” прыехала звыш трохсот рыцараў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Расіі. Упершыню былі ўдзельнікі з Тулы, Смаленска, Масквы. Рыцары паказалі сваё майстэрства, уменне валодаць мячом, лукам… А колькі гасцей і турыстаў завітала на старадаўнюю мсціслаўскую зямлю, цяжка нават і падлічыць!
Удзельнікаў і гасцей рыцарскага фэсту чакала цікавая двухдзённая праграма. Навукова-практычная канферэнцыя, экскурсіі па гістарычных месцах раёна, у Кармеліцкі касцёл, па тэрыторыі Іезуіцкага манастыра з наведваннем выставы-экспазіцыі і гісторыка-археалагічнага музея, выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, фотавыстава “Кветкі роднаму краю”, выступленне вакальнай групы “Стары Ольса” — і гэта далёка не ўсё, што прайшло ў межах фэсту. Самымі відовішчнымі, безумоўна, сталі турніры, бугурты, фаер-шоу.
Захапляльным было тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў рыцарскіх клубаў. Гледзячы на іх, часам магло падацца, што мы, гледачы, быццам з дапамогай “машыны часу” перанесліся на некалькі стагоддзяў назад і перад намі паўсталі князі, адважныя рыцары і іх надзейныя панны сэрца. Паглядзець на захапляючае відовішча прыйшлі і дарослыя, і дзеці.
Большасць мерапрыемстваў “Рыцарскага фэсту” адбылося на Замкавай гары. Падчас турніра мечнікаў публіка імкнулася падтрымаць удзельнікаў. Яно і зразумела: апрануць на сябе ў такую спёку шматкілаграмовыя металічныя даспехі і годна змагацца з ворагам — справа не з лёгкіх. Рыцары адважна круцяць мячамі і імкнуцца праявіць сябе з лепшага боку. Пасля бою да іх хуценька падбягаюць надзейныя панны і прапануюць спаталіць смагу жыватворнай мсціслаўскай вадой.
На рыцарскім фэсце пабывалі і многія клімаўчане. Так, напрыклад, група работнікаў ЛГЗ прыехала ў гэты дзень у Мсціслаў з экскурсіяй, якую для іх арганізаваў ЦТКіЭ.
Таццяна Падліпская.