Якое шчасце — жыць у міры!

Якое шчасце — жыць у міры!

3 ліпеня Клімаўшчына разам з усёй краінай адзначала галоўнае свята рэспублікі — Дзень Незалежнасці.
Упершыню ў праграму мерапрыемстваў арганізатары ўключылі легкаатлетычны прабег “Клімавіцкае кола”, які прысвячаўся 67-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 430-годдзю Клімавічаў.
На гарадскіх могілках прайшоў мітынг, пасля якога асноўныя падзеі ўжо адбываліся ў гарадскім парку.
Кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, грамадскасці ўсклалі кветкі на магілу загінуўшых у гады вайны савецкіх воінаў. Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка.
— Наш народ паклаў на алтар Перамогі самае дарагое — мільёны чалавечых жыццяў. Аддаючы даніну памяці тым, хто не вярнуўся з вайны, мы яшчэ раз асэнсоўваем простую і велічную ісціну: якое гэта шчасце, калі ў нашым агульным доме пануюць мір і спакой, — адзначыў Васіль Аляксеевіч.
Кіраўнік раённай выканаўчай улады павіншаваў клімаўчан са святам і ўручыў Ганаровую грамату і грашовыя прэміі райвыканкама паважаным ветэранам.
Шчасця, дабрабыту жыхарам раёна зычылі першы сакратар РК КПБ Пётр Гамолка, настаў-ніца беларускай мовы і літаратуры першай гарадской школы Ірына Мышкоўская.
Раённы ваенны камісар Валерый Цімошык уручыў дзевяці хлопцам павесткі на праходжанне тэрміновай ваеннай службы.
Хвілінай маўчання прысутныя на мітынгу ўшанавалі памяць тых, хто загінуў, абараняючы краіну ад захопнікаў.
У раённым цэнтры культуры адбыўся тэматычны канцэрт “Беларусь — мая Радзіма”. У яго межах прайшлі ўрачыстыя цырымоніі ўзнагароджання лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і працаўнікоў, якія атрымалі добрыя вынікі ў раённым спаборніцтве на веснавых палявых работах. Віншавалі таксама пераможцаў рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, легкаатлетычнага забегу.
У дзевяць гадзін вечара ў амфітэатры пачалася танцавальна-забаўляльная праграма, якая скончылася патрыятычнай акцыяй: усе прысутныя разам праспявалі Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Беларусь.
Нікіфар МІНЧАНКА.
Кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі кветкі на магілу савецкіх воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.