Зімніцы

Зімніцы

Гэта маленькая вёсачка знаходзіцца ў Гусаркаўскім сельсавеце.
Мясцовасць была заснавана ў 1727 годзе ў Крычаўскім старастве Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Схаваўшыся паміж палёў, у засені дрэў, на адзінай доўгай вуліцы Комплекснай месцяцца хаты яе працавітых жыхароў.
Шматдзетная маці Валянціна Елісеенка — карэнная жыхарка. Яна выхавала пяцёра дзяцей. Мае пятнаццаць унукаў і дзесяць праўнукаў. Валянціна Іванаўна працавала ў мясцовым калгасе. Даглядала цялят, пасвіла кароў, варыла абеды механізатарам.
— Трымала па дзве каровы, шэсць цялят, некалькі свінаматак. Быў вялікі агарод. І сыноў з дочкамі вырасцілі з мужам не беларучкамі. Працаваць вучылі і ўнукаў. Я і зараз, адзначыўшы свой сямідзесяцігадовы юбілей, не сяджу без справы. Ёсць карова, куры. Вырошчваю сада-віну і гародніну, — кажа Валянціна Іванаўна.
Стараста вёскі Леанід Гайшун таксама чалавек гаспадарлівы. Ён каля дзесяці гадоў адпрацаваў у Маскве таксістам. Потым вярнуўся на малую радзіму і стаў шчыраваць на роднай зямлі. Дома, як вядома, і сцены дапамагаюць. Ды і навошта шукаць сваё шчасце ў чужых краях?
Муж і жонка Леанід і Людміла Гайшун трымаюць вялікую гаспадарку. На іх падворку пяць кароў, свінні, куры, гусі, індыкі, качкі… Купілі інкубатар, таму хатнюю птушку не купляюць, а вырошчваюць самі. У іх свой трактар. Лішкі малака руплівыя гаспадары здаюць дзяржаве. Не застаецца ў баку ад спраў і іх дачка Алеся. У яе ёсць свае абавязкі. Дарэчы, дзевяцігадовая дзяўчынка — самая юная жыхарка вёскі.
— Летам пачынаем працаваць у чатыры гадзіны. Доім кароў. Потым гонім іх у поле. Затым кормім іншую жыўнасць, — кажа Леанід Іванавіч.
Многія жыхары і госці Клімаўшчыны ўзгадваюць вёску Зімніцы вось па якой прычыне. За 0,5 кіламетра на ўсход ад гэтай мясцовасці знаходзіцца добра вядомая крыніца з гаваркой назвай Грымучая. Вада тут і сапраўды “грыміць”, калі выцякае з-пад зямлі. Людзі прыязджаюць сюды адпачыць і набраць лекавай, чыстай вады. Тут часта можна ўбачыць і вясельныя картэжы. Бытуе думка, што калі маладыя пап’юць гэтай вады, то іх сямейны саюз будзе шчаслівы.
— Зараз працягваецца добраўпарадкаванне Грымучай крыніцы. Сіламі работнікаў ПМК-256, падсобнай гаспадарка ЛГЗ, лясгаса выгляд яе ўжо паспеў змяніцца ў лепшы бок. Да верасня работы павінны быць завершаны, — кажа старшыня Гусаркаўскага сельсавета Анатоль Васільеў.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Леанід Гайшун разам з дачкой Алесяй.