«Беражанка» ў дзеянні

«Беражанка» ў дзеянні

Беражанка — невялікая прыгожая птушка, якая прыносіць шмат карысці. Зачароўвае яе лёгкі імклівы палёт. Менавіта гэтая беларуская птушка і дала назву экалагічнаму валанцёрскаму атраду Звянчацкай сярэдняй школы. У складзе атрада 10 чалавек — адзінаццацікласнікі Насця Калатоўчанкава, Насця Захарчанкава, Яна Ефіменка, Валерыя Саковіч, Юля Куруленка, Юра Іванекін, Арцём Сянчыла, Дзіма Герчыкаў, Яна Вераб’ёва і Таня Салава. Кіраўнік — настаўніца Алена Мікалаеўна Герчыкава.
«Свой вольны час можна праводзіць з карысцю ці без. Першы варыянт — валанцёрскі рух. У добрай кампаніі паплечнікаў і аднадумцаў цікава і камфортна, ёсць магчымасць для самавыяўлення, хочацца рабіць добрыя справы», — выказвае агульную думку Дзіма Герчыкаў.
Хлопцы і дзяўчаты праводзяць добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі. Узялі яны пад апеку таксама навакольныя крыніцы, месцы пахаванняў савецкіх воінаў.
Шмат удзячных слоў у адрас валанцёраў кажуць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фаміч Трахаўцоў, Васіль Ільіч Крэсаў і Васіль Нікандравіч Сямікін: моладзь не забывае ветэранаў, прыходзіць, віншуе са святамі, цікавіцца справамі і здароўем, дапамагае.
А як рады старэйшым сябрам у дзіцячым садку! «Яны ж і пагушкаюць дзетак на арэлях, і пагуляюць з імі ў пясочніцы, і падурэюць на траўцы. Малышы ў захапленні, не хочуць адпускаць, з нецярпеннем чакаюць вучняў зноў», — кажа выхавацель Таццяна Віктараўна Бульбянкова.
Есць у рабоце валанцёраў і яшчэ адзін накірунак — краязнаўчы. Яны працуюць над летапісам Звянчаткі і мясцовай сельскай гаспадаркі, таму сустракаюцца са старажыламі, запісваюць іх успаміны пра гераічнае мінулае вёскі, цікавых, знакамітых людзей. Робяць таксама запыты ў афіцыйныя ўстановы.
— Звянчацкі атрад прымае ўдзел у розных акцыях — раённых, абласных, рэспубліканскіх. Зараз вучні з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага валанцёрскага інтэрнэт-праекта «Валанцёр года — добрае сэрца», — зазначае першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Таццяна Кананенка.
Галіна Цыганкова.
На здымку: валанцёры ў гасцях у ветэрана В.І.Крэсава.