Калі вырастаюць крылы

Калі вырастаюць крылы

Ці ведала дзяўчынка з Перавалочні, што ў сталым узросце ёй прыйдзецца акрыляць такіх, як сама, дапамагаць сталець і рабіць першыя крокі ў самастойнае жыццё. Напэўна не, бо спачатку Тамара збіралася стаць урачом. Але, як нярэдка бывае, усё вырашыў выпадак. Пасля заканчэння васьмі класаў Макеевіцкай школы яна для падтрымкі сябровак паехала паступаць у педвучылішча.
— І трэба было так здарыцца, што паступіла толькі я адна, — успамінае Тамара Іванаўна Навумава. — Чатыры гады вучобы праляцелі хутка, мяне размеркавалі на працу ў Макеевічы. Адразу ж паступіла ў інстытут на завочнае аддзяленне. Потым два гады выкладала ў першай гарадской школе.
А з 1981 па 2005 Тамара Іванаўна працавала ў сістэме прафтэхадукацыі.
Выхаванцы з удзячнасцю ўспамінаюць свайго настаўніка, цікава і насычана праходзілі ўрокі рускай мовы і літаратуры. За адведзеныя праграмай гадзіны настаўніца паспявала знайсці падыход да кожнага. Як правіла, займацца прыходзілася шмат часу, каб падняць на патрэбны ўзровень веданне мовы. Не на апошнім месцы знаходзіліся і чалавечыя адносіны паміж настаўніцай і дзецьмі. Калі была патрэбна якая дапамога, падлеткі яе заўжды атрымлівалі, бо іх бацькі былі далёка.
У верасні 2005 года Тамара Іванаўна прыйшла працаваць галоўным спецыялістам у раённы аддзел адукацыі. А з красавіка 2008 года яна ўжо на пасадзе намесніка кіраўніка РАА.
Вопытнага педагога неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
— Зараз мы дапамагаем уладкавацца ў нас маладым спецыялістам. За плячыма чатырох з іх педагагічны каледж, 13 скончылі вну, — тлумачыць Т.І.Навумава. — Прыемна, калі год ад году растуць паказчыкі працы педагагічных калектываў раёна. Калі ў мінулым годзе з 201 выпускніка 53,2 працэнта паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, то ў гэтым годзе са 188 юнакоў і дзяўчат, якія скончылі школу, 60,5 працэнта будуць атрымоўваць веды ў вну.
За апошні час нашы школьнікі атрымалі перамогі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па іспанскай, англійскай, рускай і беларускай мовах, працоўным навучанні, геаграфіі, біялогіі. Па выніках работы за 2008 год Клімавіцкі аддзел адукацыі ўзнагароджаны дыпломам трэцяй ступені ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
— Дарэчы, калі казаць пра замежную мову, то ў гэтым навучальным годзе кожны клас будзе падзелены на падгрупы не больш за 9-10 чалавек. Гэта робіцца дзеля таго, каб узняць якасць ведаў нашых вучняў, бо ў 2012 школьнікаў чакаюць экзамены, — расказвае Тамара Іванаўна. — Усім жа вучням, бацькам і настаўнікам напярэдадні Дня ведаў я хачу пажадаць здароўя, аптымізму і дабрабыту.
Нікіфар МІНЧАНКА.