Любімая справа

Любімая справа

Лета. Узыходзіць сонца. Усхопліваюцца і муж з жонкаю: пара на працу.
Ларыса Сцяпанаўна Цыганкова (на здымку) — брыгадзір малочна-таварнай фермы Дамамерычы філіяла «Ніва-Агра», памочнікам у яе муж, Васіль Васільевіч.
Сама Ларыса Сцяпанаўна з Бялыніцкага раёна. Пасля заканчэння васьмігодкі паступіла на заатэхнічнае аддзяленне Клімавіцкага сельгастэхнікума. На гэтым жа аддзяленні вучыўся і дамамерыцкі хлопец Васіль. Пазнаёміліся, пакахалі адзін аднаго, пажаніліся. Так Ларыса засталася ў нашым раёне.
Пасада брыгадзіра МТФ адказная і клапотная. Па-першае, таму што гэта работа з людзьмі, да якіх трэба мець падыход, каб арганізаваць на плённую працу, па-другое — работа з жывёлай, якая патрабуе ўвагі і добрага догляду. Дапамагаюць арганізатарскія здольнасці і набытыя ў тэхнікуме веды.
На Дамамерыцкай ферме 1200 галоў: каровы, цялушкі, цяляткі. У мінулым годзе праведзена значная рэканструкцыя, уведзены ў строй малочны блок, сучасны малакаправод, палепшыліся ўмовы працы і быту жывёлаводаў. Гэта мела свой станоўчы вынік: узраслі надоі малака — да 3980 кілаграмаў у сярэднім на карову.
2010 год стаў знамянальным для Ларысы Сцяпанаўны — па выніках рэспубліканскага спаборніцтва яна прызнана адной з лепшых сярод брыгадзіраў малочна-таварных ферм.
Не магу не адзначыць любоў да вёскі ў гэтай сям’і — усе трое сыноў таксама абралі сельскагаспадарчыя прафесіі: старэйшы, Васіль, — перадавы механізатар. Аляксандр — навучэнец трэцяга курса аддзялення ветэрынарнай медыцыны Клімавіцкага аграрнага каледжа, вучыцца на механіка ў нашым каледжы хоча і малодшы, Сяргей.
Галіна ПАЎЛАВА.