Ніхто за нас не зробіць

Розныя людзі жывуць у аграгарадку Ціманава. У кожнага з іх свае перакананні, вартасці, недахопы. На сельскі сход у мясцовы Дом культуры каго запрасілі, хто прыйшоў сам. Пагаманіць было пра што.
Старшыня тутэйшай выканаўчай улады Іван Драздоў напачатку абвясціў, што робіцца для выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года № 3 “Эканомія і беражлівасць — асноўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
Адзначалася наступнае. Так, мерапрыемствы ў гэтым напрамку распрацаваны. Дэвізаў тыпу “Эканомію пачні з сябе”, “Сэканомім сёння — будзем жыць заўтра” і да т. п. хапае. Падчас правядзення адзіных дзён інфармавання насельніцтва пра неабходнасць берагчы энергарэсурсы гаварылася неаднойчы. Што рэальна зроблена? Напрыклад, у сельвыканкаме знаходзяць пэўную магчымасць матэрыяльна заахвочваць пазаштатных інспектараў па нагляду за эканомным спажываннем электраэнергіі. За 2010 год такім чынам была адзначана актыўнасць сямі грамадзян. Для чаго з рэзервовага фонду сельвыканкама выдаткавалі 490 тысяч рублёў. Сумесна з настаўнікамі школы Савет праводзіць растлумачальную работу ў маладзёжным асяродку. Такія пытанні рэгулярна разглядаюцца на пасяджэннях выканкама і сесіях сельсавета. Праводзіцца тэхнічнае пераўзбраенне ўстарэўшага абсталявання цеплавых і водаправодных сетак. У прыватнасці, 316 кватэр аснашчаны прыборамі ўліку расходу вады. У грашовым выражэнні гэта прынесла эканамічны эфект звыш 6 мільёнаў рублёў. Летась было заменена 100 пагонных метраў цеплавых камунікацый па вуліцы Віцебскай у аграгарадку Ціманава. Эканомія — 5,7 млн. руб. За час дзеяння Указа № 70 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь тут было знесена 56 безгаспадарных і трухлявых дамоў. Іх выкарысталі на паліва.
Сёлета ў севазварот племзавода “Ціманава” перададзена 11 га земляў, якія не выкарыстоўваліся.
З мэтай зніжэння запазычанасці па камунальных плацяжах за перыяд са студзеня па ліпень выдадзена 164 папярэджанні, пададзена ў суд 19 іскаў і натарыяльных надпісаў на суму 9,9 млн. руб. У выніку агульная запазычанасць скарацілася на 3 млн. руб. і на 2,1 млн. руб. — пратэрмінаваная.
На сельскім сходзе таксама выступілі з карыснай інфармацыяй намеснік дырэктара УКП “Камунальнік” Аляксандр Глушакоў, які заклікаў вяскоўцаў падключацца да цэнтральнага ацяплення, галоўны эканаміст племзавода Ларыса Крывашэева, намеснік дырэктара мясцовай школы Галіна Андрэева.
Аб прафілактычных мерапрыемствах па папярэджанню п’янства і алкагалізму расказаў намеснік начальніка аддзела правапарадку і прафілактыкі РАУС маёр міліцыі Аляксей Шалягін. На тэрыторыі сельсавета за паўгоддзе было здзейснена 11 злачынстваў. Усе яны (у асноўным — крадзяжы) раскрыты. 29 грамадзян накіраваны ў ЛПП. З іх тры жанчыны — жыхаркі Ціманава.
Інспектар інспекцыі дзяржпажнагляду РАНС лейтэнант унутранай службы Аляксандр Лысянкоў распавядаў аб прычынах і выніках неасцярожнага абыходжання з агнём.
Удзельнікі сельскага сходу паглядзелі фільм “Святло ў канцы тунэля” і відэаролік на супрацьпажарную тэму. Колькі пакут прыносяць людзям неабдуманыя ўчынкі… Магчыма, хоць некаторыя з асоб, якія дапускаюць асацыяльныя паводзіны, задумаюцца і не стануць мучыць сваіх дзяцей, саміх сябе. Магчыма…
Вынікі сельскага сходу падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Марыя Пракопчык.
Мікалай ГЛУЗДОЎ.