Сем дзяцей — больш надзей

Сем дзяцей — больш надзей

Адна з самых “багатых” жанчын у вёсцы — Т.В.Гаўрыленка. Яе бясцэнны скарб — сямёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. Па меркаванню жанчыны, дзеці — галоўнае багацце любога чалавека. Яны — наш працяг, нашы надзеі.
У Таццяны Васільеўны — пяць дачок і два сыны. Самыя малодшыя ў сям’і — дачка Аня, якая сёлета пойдзе ў 11 клас Мілаславіцкай сярэдняй школы, і сын Сяргей. Ён служыць у войску. Астатнія яе дзеці, як кажуць, пайшлі ўжо на свой хлеб. Яны жывуць у Клімавіцкім і Шклоўскім раёнах.
Т.В.Гаўрыленка працавала даяркай у мясцовай гаспадарцы. Заўжды сумленна выконвала свае прафесійныя абавязкі.
— Групы былі вялікія. Працавала і на раздоі першацёлак. Калектыў падабраўся дружны. Любіла жывёлу, таму справа ладзілася, — узгадвае шматдзетная маці.
Зараз Таццяна Васільеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Дапамагае даглядаць унукаў. Вырошчвае “жывыя вітаміны”, робіць з іх смачныя нарыхтоўкі на зіму.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.