Свята мёду і пчаляроў

Свята мёду і пчаляроў

Чатырнаццатага жніўня адзначаецца Макавей (Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік) — свята маку і мёду. У гэты дзень нашы продкі праводзілі розныя абрады з макам. Рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць. З гэтага часу дазваляецца есцi мёд новага збору. Паводле народнага календара, Першы Спас лічыўся мяжой паміж летнім і асеннім цыклам палявых работ. Пасля яго пачыналі капаць раннюю бульбу, сеялі азімыя…
Мядовы Спас — найперш свята пчаляроў. Для збору мёду ўсе апраналіся па-святочнаму. Есцi гэты карысны прадукт дазвалялася толькі пасля асвяшчэння. Лічылася, што калi пчаляр у гэты дзень не асвецiць крыху мёду ў царкве, то суседскiя пчолы «выцягнуць» у яго ўвесь мёд. Казалі таксама, што той, хто нарадзiўся ў гэты дзень, будзе добрым пчаляром.
З Першым Спасам звязаны розныя прыкметы: “Як на Юр’я дождж – будзе рыбы многа, а на Макава – чакай шмат грыбоў”, “Калі на Макаўе не бывае дажджу, то будзе нямала пажараў”.
А як святкуюць зараз гэта свята нашы землякі? З гэтым пытаннем карэспандэнт раённай газеты звярнуўся да вядомага краязнаўцы раёна і пчаляра з багатым вопытам Аляксандра Галкоўскага.
— Мая сям’я строга прытрымліваецца старадаўніх традыцый. Напярэдадні свята абавязкова топім лазню, каб чыстым уступіць у новы дзень. Дастаём рамкі з мёдам. Лепім свечкі з воску, якія бяром з сабою ў царкву.
Перад тым, як свяшчэннік пачынае службу, я стаўлю тры свечкі: за продкаў, за будучае і сучаснае. Назіраю за імі. Калі яны гараць ярка і добра, то і ўраджай мёду будзе багаты, а пчолы перазімуюць няблага. Стоячы перад абразамі, паўтараю вось гэтыя словы: дай, Божа, на лета моцных пчол, няважанага воску, нямеранага мёду і нялічаных раёў; здароўя мне, маёй сям’і і ўсім добрым людзям.
Пасля таго як мёд асвяцілі, частую сотамі прыхаджан. Калі прыязджаю з царквы, то ўсе сваякі збіраюцца за святочным сталом. Запальваем свечкі і пачынаем есці, — расказвае пра мясцовыя звычаі жыхар вёскі Судзілы.
Аляксандр Мікалаевіч з ліку тых, пра каго кажуць — пчаляр ад дзядоў і прадзедаў. Калі трапляеш да яго на вялікую пасеку, то адразу заўважаеш розныя цікавыя вуллі. Адзін з іх мае паважаны ўзрост. Ён датуецца 1915 годам. Самабытная хатка для пчол дасталася Галкоўскаму ў спадчыну ад сваяка.
— Мой бацька навучыў мяне вось такой жыццёвай мудрасці: пільнуй мяне (пчалу) ад Міколы да Івана, тады зраблю з цябе пана. На Ражство стараемся не ісці нікуды з двара, каб не ўцякалі пчолы, — кажа краязнаўца.
Таццяна Падліпская.
А.М. Галкоўскі на свята Мядовы Спас.