Трэба працаваць

Трэба  працаваць

— Дзе можна знайсці Раісу Аляксееўну Цыганкову? — запытаўся аўтар гэтых радкоў у мясцовых жыхароў.
— Ідзіце на агарод, не памыліцеся! — падказалі суседзі.
Ступіўшы некалькі крокаў, я заўважыла рухавую бабулю, якая выбірала на дагледжаных градках новы ўраджай гуркоў. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Раіса Аляксееўна праводзіць шмат часу на агародзе.
— Трэба ж працаваць. У вёсцы жыць і не садзіць градкі, гэта ж сорамна. Паглядзіце, якая сёлета вырасла добрая цыбуля. Дзякуй Богу, і іншая агародніна ўдалася, — кажа бабуля.
За якую б справу ні ўзялася Раіса Аляксееўна — усё ў яе выходзіць на выдатна.
Мая суразмоўца працавала даяркай на мясцовай ферме. Дзялілася перадавым вопытам са сваімі маладзейшымі калегамі. Неаднаразова яе фотаздымак, за добрыя паказчыкі ў рабоце, можна было ўбачыць на раённай Дошцы гонару. Раіса Аляксееўна заўжды імкнулася прыйсці на дапамогу землякам. Сваімі ўчынкамі яна цалкам апраўдала той крэдыт даверу, які ёй далі аднавяскоўцы. У свой час Р.А.Цыганкова была дэпутатам сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў.
Таццяна МАЛІНІНА.