Вёска Лазовіца

Вёска Лазовіца

Вёска Лазовіца размешчана ў прыгожым маляўнічым месцы каля ракі Лабжанка. Раней гэта быў цэнтр сельскага Савета і калгаса “Камінтэрн”. Тут знаходзіліся сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама. На сённяшні час засталіся толькі сельсавет і магазін.
У верасні 1943 г. вёску часткова спалілі фашысты. У цэнтры населенага пункта стаіць помнік 118-ці землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Калісьці побач з будынкам цяперашняга сельсавета стаяў каталіцкі касцёл, у якім збіраліся католікі з усіх навакольных вёсак. Прыходзілі веруючыя нават з Крычава. Мела вёска і сваю праваслаўную царкву. На жаль, яна ўжо даўно нядзеючая. З 1953 г. па 1972 г. у званарні былога храма знаходзілася сельская бібліятэка, а ніжні яго паверх займаў сельскі клуб.
У бібліятэцы каля дзесяці гадоў працавала Ганна Кузьмінічна Варанцова. У 1955 г. бібліятэка была прадстаўлена кандыдатам на ўдзел ва УВДНГ. У хуткасці гэтай установе культуры прысвоілі званне “Лепшая бібліятэка БССР”. Потым звыш за трыццаць гадоў тут працавала Ева Мацвееўна Петушкова, якая і цяпер жыве ў Лазовіцы. Яна выхавала траіх добрых дзяцей. Усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю.
Пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума ў вёску прыехала маладая дзяўчына з Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У калгасе “Камінтэрн” атрымала пасаду брыгадзіра паляводства. Валянціна Афанасьеўна палюбіла вёску як сваю родную. Выйшла замуж, завочна закончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Яна — нязменны дэпутат Лазовіцкага сельскага Савета. Ужо 23 гады працуе тут сакратаром (цяпер гэта пасада называецца “упраўляючы справамі сельскага Савета”). Некалькі год В.А.Ануфрыева была кіраўніком мясцовай улады. Гэта добрая жанчына карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод людзей.
Марыя Іванаўна Папкова таксама пастаянны дэпутат сельскага Савета. У яе актыўная жыццёвая пазіцыя. Шмат гадоў працуе загадчыкам склада ў Клімавіцкім РАПТЗ. Мае дзвюх дачок, якія прысвяцілі сябе сельскагаспадарчай галіне.
Пенсіянерка Антаніна Пятроўна Кавалёва па адукацыі — настаўнік пачатковых класаў. Жыццё яе склалася такім чынам, што доўгі час давялося працаваць цялятніцай на калгаснай ферме. Заўсёды была ў ліку перадавікоў вытворчасці. Яна вельмі чулы чалавек.
Домаўладанне Судзілоўскіх у вёсцы нельга не заўважыць. Раней Алена працавала ў сельскім Савеце, Пётр — вадзіцель райгаза. Ля іх дома вельмі шмат прыгожых кветак. Кожны год яны радуюць не толькі гаспадароў, але і тых, хто праходзіць міма. Сям’я мае немалую гаспадарку (трымаюць карову, парасят, курэй), апрацоўвае гектар зямлі і плануе яшчэ ўзяць некалькі ў арэнду пад зерневыя і сенакос. Дачка Судзілоўскіх вучыцца ў Магілёўскім педагагічным універсітэце, а сын пасля заканчэння аграрнага каледжа працягвае вучобу ў сельскагаспадарчай акадэміі.
Еўдакія Філіпаўна Матылёва ўсё сваё жыццё прысвяціла выхаванню падрастаючага пакалення: выкладала матэматыку ў шэрагу школ раёна. Яна ганарыцца сваімі дзецьмі, унукамі. Мае жанчына ўжо і праўнукаў. Еўдакія Філіпаўна такі чалавек, што сядзець склаўшы рукі ні ў якім разе не будзе, хоць ёй ужо 83 год пайшоў.
Яшчэ хочацца расказаць аб адным з самых старэйшых жыхароў в. Лазовіца — Ніне Ягораўне Ануфрыевай. Ёй хутка 85 гадоў будзе. Доўгі час працавала даяркай у мясцовай гаспадарцы. Адметна тое, што ў свае даволі сталыя гады яна вельмі любіць чытаць, карыстаецца паслугамі перасоўнай бібліятэкі. Вяжа жанчына і розныя рэчы для сваіх родных.
Гэтымі і яшчэ многімі іншымі жыхарамі ганарыцца сёння вёска Лазовіца. Ім мы жадаем добрага здароўя і поспехаў ва ўсіх справах.
Зінаіда Асмалоўская,
бібліятэкар Асмолавіцкай сельскай бібліятэкі,
Валянціна Кварцюк (фота аўтара).

В.А.Ануфрыевай і М.І.Папковай шмат якія пытанні даводзіцца абмяркоўваць разам.