Я «хварэю» на краязнаўства

Настаўніца гісторыіі Лабжанскай сярэдняй школы І.Ф.Навагродская ўмее не толькі захапіць сваім прадметам школьнікаў, але і зацікавіць іх краязнаўствам.
— Я працягнула дынастыю педагогаў. Маці выкладала родную мову. Бабуля была заслужанай настаўніцай БССР. Гэта прафесія падабалася мне з маленства. Лічыла яе адной з самых пачэсных. Зараз магу назваць сябе шчаслівай, бо ўжо дваццаць шэсць гадоў займаюся любімай справай, якая дазваляе мне быць у творчым пошуку, сеяць зерне дабрыні і ведаў у душах падрастаючага пакалення, — кажа Ірына Фёдараўна.
Мая суразмоўца з маленства цікавіцца народнай спадчынай, традыцыямі і абрадамі продкаў. “Не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго” , — вось гэтымі добравядомымі словамі класіка беларускай літаратуры Ул. Караткевіча кіруецца па жыцці настаўніца.
Павагу да традыцый прашчураў яна штодзённа імкнецца “перадаць” вучням. Дзеці з цікавасцю прыходзяць да яе на гурткі “Музеязнаўства” і “Спадчына”, сістэматычна папаўняюць новымі экспанатамі школьны музей, здзяйсняюць вандроўкі па Беларусі.
У мінулым вучэбным годзе Лабжанскі школьны музей, які ўзначальвае І.Ф.Навагродская, у раённым і абласным конкурсе сярод этнаграфічных музееў навучальных устаноў быў прызнаны пераможцай. А ў аналагічным рэспубліканскім конкурсе заняў другое месца. Вясной Ірына Фёдараўна паспяхова ўдзельнічала ў рэспубліканскіх краязнаўчых чытаннях. Яна вяла гаворку па тэме ”Каб беларусы не сышлі ў небыццё, павінны ў вёску мы вярнуць жыццё”. Сваім перадавым вопытам педагог шчодра дзеліцца з калегамі на метадычных аб’яднаннях, на розных іншых сустрэчах.
— “Хварэю” на краязнаўства з маленства. У нашай сям’і з павагай ставіліся да спадчыны. Бацькі захапляліся творамі беларускіх класікаў. Мой тата ведаў на памяць амаль усю паэму Якуба Коласа “Новая зямля “. Часта дэкламаваў яе мне. Гэты твор стаў маім “Букваром”. Па ім я вучылася чытаць, пазнавала жыццёвую мудрасць. У бацькоўскай хаце заўжды чулася родная мова, народныя песні. Шмат дзе пабывала ў вандроўках. Мабыць, павага да мінулага перадалася мне з малаком маці, а пазней ад мяне — і маім дзецям. Я беражліва захоўваю ў хаце куфар са старадаўнімі рэчамі. Ён — наша сямейная рэліквія. З ім яшчэ мая бабуля выходзіла замуж, пазней перадала яго маей матулі, а тая — мне. Зараз жа ён чакае свайго часу, калі аддам яго дачцэ Яніне, — кажа Ірына Фёдараўна.
І.Ф.Навагродская нарадзілася ў маляўнічым месцы, на Ушаччыне. Сваёй малой радзіме яна неаднаразова прызнавалася ў любові праз вершаваныя радкі.
У час вучобы ў Аршанскім педвучылішчы мая гераіня пазнаёмілася з будучым мужам Валерыем Антонавічам. Разам з ім яны пражылі на Віцебшчыне шаснаццаць гадоў. Там у іх нарадзіўся сын Антон і дачка Яніна. А ў 2005 годзе Навагродскія прыехалі на малую радзіму мужа — у Клімавічы.
Ірына Фёдараўна — асоба творчая. Яна распрацавала вершаваныя экскурсіі па розных накірунках для школьнага музея. Піша вершы пра Радзіму, пра родныя мясціны, на актуальныя праблемы паўсядзённасці, вершы-роздумы.
Многія былыя выпускнікі І.Ф.Навагродскай пайшлі шляхам сваёй таленавітай настаўніцы. Сын Антон і дачка Яніна таксама захапляюцца краязнаўствам. Яніна ж прадоўжыла дынастыю педагогаў. Яна — студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
— Я ўдзячна лёсу за тое, што на жыццёвым шляху мне сустракаюцца добрыя людзі. Яны разумеюць мяне, прыходзяць на дапамогу, — прызнаецца настаўніца з аграгарадка.
Таццяна Падліпская.