З творчым падыходам да справы

З верасня 1995 года настаўнікам англійскай і іспанскай моў у Ціманаўскай школе працуе А.М. Валкевіч.
Педагог яна, несумненна, творчы. З’яўлялася ўдзельнікам заключнага этапу рэспубліканскага конкурса прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” (2008-2009 навучальны год). Яе плённая праца на ніве адукацыі ўжо была адзначана Ганаровай граматай галіновага Міністэрства. Сваім багатым метадычным вопытам яна дзеліцца з калегамі на курсах, семінарах, творчых аб’яднаннях.
Алена Мікалаеўна лічыць сваёй галоўнай задачай раскрыццё асобы кожнага дзіцяці. На яе ўроках пануе атмасфера адзінства таго, хто стаіць за настаўніцкім сталом і тых, хто сядзіць за вучнёўскімі партамі.
— Вучань тады будзе добра ведаць прадмет, калі зацікавіцца ім. А хто, як не настаўнік, дапаможа яму ў гэтым?! — кажа сапраўдны спецыяліст сваёй справы.
Яна імкнецца выхаваць у рабят самыя неабходныя якасці: сумленнасць, спагадлівасць, гатоўнасць у любую хвіліну прыйсці на дапамогу таму, хто мае ў ёй патрэбу.
Вядома ж, А.М.Валкевіч радуюць паспяховыя выступленні выхаванцаў на прадметных алімпіядах. Яна па праву ганарыцца імі.
Вучні, іх бацькі, калегі цэняць і паважаюць Алену Мікалаеўну за высокі прафесіяналізм і шырокі кругагляд, працавітасць і мэтанакіраванасць, дабрыню і адкрытасць душы.
Валянціна КВАРЦЮК.