Залатыя юбіляры

Залатыя  юбіляры

Пётр Іларыёнавіч і Ніна Лявонаўна Якушавы — адны з паважаных жыхароў Старога Стану. Іх жыццёвы шлях — добры прыклад для сучаснай моладзі. У чэрвені яны адзначылі залатое вяселле. Іх гонар — дзве дачкі, якія жывуць у Санкт Пецярбурзе, і тры ўнучкі. Якушавы ўвесь час імкнуцца перадаваць бацькоўскую мудрасць нашчадкам.
— Нам не было калі сварыцца. Выхоўвалі дзяцей, працавалі. Усё заўжды рабілі разам: і хатнюю гаспадарку глядзелі, і на розныя гулянкі хадзілі, і адпачывалі… А калі раптам узнікала нейкае непаразуменне, то імкнуліся ўступаць адзін аднаму, — адкрывае сакрэты шчаслівага сямейнага жыцця гаспадыня.
Ніна Лявонаўна доўгі час шчыравала ў мясцовай гаспадарцы. Ёй давялося паспрабаваць сябе ў розных прафесіях. Была яна і пастухом, і даяркай, і загадчыцай фермы, і бухгалтарам. За добрасумленную працу неаднаразова атрымоўвала ад кіраўніцтва ганаровыя граматы.
Пётр Іларыёнавіч доўгі час быў вадзіцелем. Пасля — брыгадзірам. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы 2 і 3 ступені. Мае медалі “За доблесную працу”, “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі” і шмат іншых узнагарод. Ён толькі тройчы быў у водпуску. Доўгі час Пётр Іларыёнавіч з’яўляўся членам рэвізійнай камісіі калгаса. Каля дзесяці гадоў прымаў удзел у пасяджэннях народнага суда, шэсць скліканняў быў у складзе раённага Савета дэпутатаў.
— Трэба ж было будавацца, дзяцей расціць. Гуляць не было калі. За адпачынак браў кампенсацыю. Увесь час я імкнуўся сумленна працаваць. Штодня кіруюся словамі класіка: “Жыццё трэба пражыць так, каб потым не было сорамна за бязмэтава пражытыя гады”. У любой справе важна, каб была дысцыпліна, тады і вынік будзе добры. Гэтаму вучу і дзяцей, — прызнаецца Пётр Іларыёнавіч.
Якушавы — дбайныя гаспадары. Зараз яны трымаюць курэй, індыкоў, гусей. Вырошчваюць добры ўраджай садавіны і гародніны. Маюць пчалі-ную пасеку. Каля двара руплівых гаспадароў радуюць вока прыгожыя кветкі, чысціня і ўтульнасць. А пера-ступіўшы парог іх хаты, з задавальненнем любуешся шматлікімі вышыванкамі і карункамі. Яны — справа залатых рук гаспадыні.