Вясковыя клопаты

На пасяджэнні Ціманаўскага сельвыканкама разгледжаны 8 надзённых пытанняў. Сярод іх — ход рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18. У гэтай сувязі вялася прадметная гаворка аб тым, чым займаліся летам навучэнцы тутэйшай сярэдняй школы. 280 рабят атрымліваюць у яе сценах веды. 100 з іх прайшлі практыку на прышкольным участку, 87 знаходзіліся ў аздараўленчым лагеры. Па 10 чалавек працавалі ў складзе валанцёрскага атрада “Клопат” і ў рамонтна-будаўнічай брыгадзе.
Школьнікі таксама дапамагалі племзаводу “Ціманава”, удзельнічалі ў цікавых паходах і экскурсіях па роднаму краю, умацоўвалі здароўе падчас іншых карысных заняткаў.
Як паведаміла кіраўнік справамі сельвыканкама Любоў Валадковіч, абмеркаваны зямельныя пытанні. Прыняты на ўлік грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, шматдзетнай сям’і выдадзена адпаведнае пасведчанне. Удзел у пасяджэнні прымала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Марус.
Мікалай ГЛУЗДОЎ.