Шанаваць спадчыну

У аграгарадку Лобжа сабраліся намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце ўстаноў адукацыі, каб на практыцы даведацца пра станоўчы вопыт узаемадзеяння сельвыканкама з мясцовымі структурамі. Гэта дзіцячы сад — школа, філіял ААТ “Клімавіцкі КХП “Ніва-Агра”, іншыя службы.
Жывуць тут каля тысячы чалавек. Да паслуг лабжанцаў — аддзяленне раённага вузла сувязі з сельскім цэнтрам грамадскага доступу да сеткі інтэрнэт, ФАПы. Дзейнічае аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту РЦСАН.
Старшыня сельвыканкама Мікалай Пуцалеў адзначыў, што ў рознабаковых мерапрыемствах удзельнічаюць старасты населеных пунктаў, шасцёра з якіх з’яўляюцца дэпутатамі сельсавета, работнікі мясцовых клубаў, бібліятэк. Свой уклад уносіць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла “Ніва-Агра” Валянціна Купрэева. Камбінат, яго прафсаюзны камітэт імкнуцца рэальнай дапамогай падтрымліваць рупных працаўнікоў, шматдзетныя сем’і.
У школе за ідэалагічны накірунак адказвае Людміла Сафроненка.
Кіраўнік педкалектыву Міхаіл Пралыгін расказаў аб паўсядзённых справах, выхаваўчай рабоце з рознымі катэгорыямі навучэнцаў і іх бацькоў.
Гонар лабжанцаў — краязнаўчы музей. Дырэктар яго, настаўніца Ірына Навагродская запрасіла прысутных “дакрануцца да самабытнасці, да беларускасці нашай” і прачытала свой верш. Дзеці паказалі тэатралізаваныя фрагменты пакроўскай вечарыны — частку старадаўніх беларускіх абрадаў. Культработнікі выканалі народныя песні.
У музеі экскурсію па экспазіцыях правялі на роднай мове самі дзеці. І яны заслужылі высокую адзнаку! Музей вядомы не толькі ў раёне, Магілёўскай вобласці. Работа яго адзначана Дыпломам рэспубліканскага ўзроўню. Пачуць цікавыя факты з дзіцячых вуснаў, ад сельскіх рабят, апранутых у каларытную, самаробную нацыянальную вопратку, дарагога варта. Аб чым сведчыць адпаведны запіс у кнізе для ганаровых гасцей, зроблены ад імя ўдзельнікаў гэтай запамінальнай сустрэчы начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Марыяй Пракопчык, якая падвяла вынікі семінара.
Мікалай ГЛУЗДОЎ.