Жыві, мая вёска!

Жыві, мая вёска!

Невялікая вёсачка Гусарка знаходзіцца ў асаблівым месцы: вакол яе ва ўсе бакі раскінуліся багатыя на грыбы і ягады лясы. Дакладная дата ўзнікнення гэтага населенага пункта нам невядома, але некаторыя рэчы, знойдзеныя на яго тэрыторыі, сведчаць пра старажытнасць вёскі.
7 ліпеня 1929 г. на тэрыторыі вёскі быў створаны калгас “Праўда”. Хутка калгаснікі пачалі дабівацца значных поспехаў. Да 1 студзеня 1940 г. у гаспадарцы меліся тры жывёлагадоўчыя фермы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны многія з вёскі змагаліся з ворагам на франтах. Не вярнуліся дамоў І.К.Храмянкоў, Е.П.Курносаў, Р.С.Серадоў, М.Я.Цішкін і іншыя. У цэнтры Гусаркі ўстаноўлены абеліск у памяць тых вяскоўцаў, якія аддалі жыццё за Радзіму.
У 1943 г. вёска была спалена. Суседзі прынялі да сябе яе жыхароў. У мірны час Гусарку аднавілі, а з ёй і калгас. Пабудавалі свінагадоўчую ферму, пачалі разводзіць буйную рагатую жывёлу. У 1957 г. з калгасаў “Праўда”, “ХVІІ партз’езд”, імя Леніна быў арганізаваны саўгас “Клімавіцкі”.
Сёння вёска з’яўляецца цэнтрам сельскага Савета. Ёсць тут ФАП і аддзяленне сувязі. Працуе базавая школа, якой у наступным годзе споўніцца 85 гадоў. Доўгі час гэту навучальную ўстанову ўзначальваў гісторык В.І.Храмянкоў. Ён быў вельмі цікавым і таленавітым чалавекам. Шмат вершаў, паэму “Гусарка” Васіль Іванавіч прысвяціў сваёй роднай Гусарцы. Пра аднавяскоўцаў пісаў з цеплынёй, павагай і добрым гумарам.
Насяляюць вёску, галоўным чынам, сталыя людзі. Але яны не сядзяць склаўшы рукі, а ў меру сваіх сіл працуюць. Як, напрыклад, муж і жонка Сафранковы. У свой час Анатоль Антонавіч быў настаўнікам фізкультуры ў мясцовай школе, а Клаўдзія Мікалаеўна загадвала паштовым аддзяленнем. Абодва шчырыя і паважлівыя. Такімі ж выхавалі і дзяцей. Сын Анатоль з сям’ёй жыве побач. Дачка Наталля цяпер — клімаўчанка. У бабулі з дзядулем трое ўнукаў.
І.І.Пушнова Бог надзяліў няпростым лёсам, і ў той жа час — добрым сэрцам і працавітымі рукамі. Калі пачалася вайна, яму было 12 гадоў. Пакут на яго долю выпала нямала, некалькі разоў быў на крок ад смерці. Яшчэ юнаком захапіўся цяслярскай справай. За сваё жыццё пабудаваў больш за 20 хат. Працаваў у паляводстве, будаўнічай брыгадзе. На жаль, здароўе падвяло: на пенсію пайшоў па непрацаздольнасці. Але Іван Іванавіч не здаваўся: з жонкай Таццянай Мікалаеўнай (тры гады як яе ўжо няма) трымалі гаспадарку, людзям не адмаўляў, каб што-небудзь адрамантаваць, высечы з дрэва. Гады ж бяруць сваё. Цяпер самому патрэбна дапамога. Добра, што дзеці (дочкі Святлана, Таццяна, сын Мікалай), унукі ды і мясцовая ўлада не забываюць.
Нельга не расказаць і пра Р.Я. Трафіменку, які мае нямала высокіх узнагарод. З чатырнаццаці гадоў ён пачаў працаваць у калгасе. Быў брыгадзірам паляводчай брыгады. Пасля службы ў арміі ўзначаліў свінагадоўчую ферму. Рыгор Якаўлевіч атрымаў медалі “За працоўную адзнаку” і “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, значок “Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі”, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Больш за дваццаць гадоў з’яўляўся старшынёй Гусаркаўскага сельсавета. З жонкай Таццянай Захараўнай (яна рана пайшла з жыцця) выхавалі сына Уладзіміра і дачку Еўдакію. Дзеці, унукі і праўнукі ганарацца бацькам і дзядулем, аднавяскоўцы паважаюць. Хочацца пажадаць усім добрым людзям здароўя моцнага, а вёсцы Гусарка — яшчэ доўга жыць.
Ніна КУРНОСАВА,
бібліятэкар гарадской бібліятэкі № 4.
Валянціна КВАРЦЮК.

На здымку: А.А.Сафранкоў і яго верны сябар і памочнік.