“Этнаграфічныя святкі”

Культурная спадчына, якую пакінулі нам продкі, — бясцэнны скарб. Яго мы павінны берагчы і папаўняць новымі здабыткамі. “Не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго”, — сцвярджаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч.
З мэтай папулярызацыі і вывучання народных традыцый на базе ЦТКіЭ прайшлі “Этнаграфічныя святкі”. У іх удзельнічалі дзевяць каманд — вучні школ раёна, якія наведваюць краязнаўчыя гурткі ЦТКіЭ. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў тэатралізаванай форме паказалі абрады Камаедзіца, Заручыны,Улазіны і іншыя, якіх прытрымліваліся нашы бабулі і дзядулі падчас такіх свят як Купалле, Пакроў, Каляды. Меладычна спявалі. Гулялі ў гульні. Дэманстравалі народныя касцюмы.
Лепш за ўсіх праспявалі песню і паказалі народны абрад вучні Мілаславіцкай сярэдняй школы, якія наведваюць гурток “ Юныя краязнаўцы” (настаўнік С.С.Аляксеенка). Народны касцюм больш каларытным атрымаўся ў навучэнцаў Ціманаўскай сярэдняй школы, што займаюцца ў гуртку “Юныя экскурсаводы” (настаўнік Т.Ю.Смелякова). Цікавую народную гульню падрыхтавалі рабяты з Судзілаўскай базавай школы. Яны з гуртка “Юныя фалькларысты” (настаўнік А.Д.Какашынская).
Па выніках усіх конкурсаў пераможцай стала каманда Судзілаўскай БШ.
Не менш удалым было выступленне школьнікаў з Лабжанскай і першай гарадской школ. Жыхары аграгарадка з ахвотай наведваюць гурток “Музеязнаўства” (настаўнік І.Ф.Навагродская), а клімаўчане — гурток “Юныя фалькларысты” (настаўнік М.В.Семенчыкова).
На “Этнаграфічныя святкі” быў запрошаны вядомы краязнаўца раёна Аляксандр Галкоўскі з в. Судзілы. (Ён таксама быў адным з членаў журы). Знаўца народных традыцый расказаў прысутным пра тое, як святкуецца Змітраўка ў іх мясцовасці. Нагадаў пра некаторыя іншыя абрады і звычаі, якіх ён прытрымліваецца зараз і вучыць гэтаму моладзь.
Таццяна ІВАНОВА.