«Паэт красы і гармоніі»

Пад такой назвай прайшла літаратурная вечарына ў бібліятэцы аграрнага каледжа з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У чытальнай зале сабраліся навучэнцы чатырох груп першага курса. З уступным словам выступіла загадчыца бібліятэкі Л.В.Кісялёва, якая, у прыватнасці, нагадала, што 2011 год быў аб’яўлены Годам М.Багдановіча.
Затым тэму прадоўжылі вядучыя Вераніка Фядотава і Ганна Лапікава (102 гр). Дзяўчаты ў нацыянальным адзенні расказвалі аб дзіцячых і юнацкіх гадах паэта, яго творчасці (адначасова дэманстраваліся слайды). Навучэнцам таксама былі прадстаўлены тры відэафільмы, гучалі песні на словы паэта. Аляксей Коржыч (11 гр.), Арцём Сафранкоў і Юлія Ліхачова (102 гр.) чыталі вершы Багдановіча.
Навучэнцы для афармлення залы падрыхтавалі насценныя газеты, прысвечаныя юбілею паэта, была аформлена тэматычная кніжная выстава. Арганізавалі цікавае і змястоўнае мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі разам з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры У.І. Загорскім.
Валянціна КВАРЦЮК.