«Пяю свой край»

«Пяю  свой край»

У цэнтральнай раённай бібліятэцы нямала добрых традыцый. Так, у межах мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею горада, адбылося пасяджэнне клуба «Маладыя галасы Клімаўшчыны» (былі запрошаны маладыя аўтары), для людзей з абмежаванымі здольнасцямі сумесна з РЦСАН арганізавана слайд-падарожжа па Клімавічах (супрацоўнікі бібліятэкі расказалі пра мінулы і сучасны горад).
Адна з традыцый — сустрэчы з творчымі людзьмі Клімаўшчыны. На гэты раз у чытальнай зале бібліятэкі пад кіраўніцтвам дырэктара ЦБС Таццяны Даменікан была арганізавана сустрэча паэтаў Мікалая Кавалёва, Раісы Астраўлянчык, Галіны Цыганковай і Мікалая Глуздова з вучнямі 8 класа сярэдняй школы № 3 (класны кіраўнік Вольга Цыганкова). Галоўная тэма — патрыятычнае выхаванне моладзі, любоў да роднага краю.
Вядучыя мерапрыемства, супрацоўнікі бібліятэкі Крысціна Білык і Крысціна Барткявічутэ, пазнаёмілі прысутных з гасцямі.
Мікалай Кавалёў 56 гадоў жыў і працаваў у Расіі, дзе і пачаў пісаць вершы. Мае некалькі зборнікаў. Ужо ў сталым узросце вярнуўся на малую радзіму, у Клімавічы. Шмат сустракаецца з моладдзю, працягвае займацца творчай дзейнасцю.
Раіса Астраўлянчык жыла і працавала на Бабруйшчыне. У Клімавічы прыехала таксама ў сталым узросце. Аўтар некалькіх зборнікаў вершаў і прозы.
Галіна Цыганкова — адказны сакратар раённай газеты «Родная ніва», яе калега, Мікола Глуздоў, — намеснік галоўнага рэдактара. Журналісты заўсёды ў гушчыні падзей. Сучаснае жыццё, любоў да Радзімы і роднага краю адлюстроўваюцца ў іх прафесійнай і творчай дзейнасці.
І, канечне, госці-паэты з задавальненнем прачыталі свае творы. Цёплая, шчырая атмасфера, думаецца, пакінула добрае ўражанне ў кожнага з удзельнікаў сустрэчы.
Галіна Віктарава.
На здымку — вядучыя сустрэчы Крысціна Білык і Крысціна Барткявічутэ разам з паэтамі Мікалаем Кавалёвым, Галінай Цыганковай і Мікалаем Глуздовым.