З гісторыі вёскі Паўлавічы

Вёска Паўлавічы па пісьмовых крыніцах вядома з 1584 года (Данина польского короля Стефана Батория земянину Мстиславского повета Ивану Захаричу на сельцо Павловичи ленным правом за 1584 год).
У адпаведнасці з Першым Усеагульным перапісам насельніцтва Расійскай імперыі (1895 г.) у вёсцы налічвалася 85 гаспадарак і пражывала 519 жыхароў.
У спісе землеўладальнікаў Клімавіцкага павета на 1882 год значыцца, што Паўлавічы з’яўляліся маёнткам землеўладальніка, двараніна Мяшчэрскага Сяргея Мікалаевіча. “В Павловичах всей земли — 2788 десятин (1 десятина = 1,0925 га), из них леса — 1650, пашни — 350, луга — 200 десятин. Право на землю — раздельная запись от 1867 года. Имеет 2 водяные мельницы с годовым доходом 150 рублей. Ведет хозяйство арендатор (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Памяць, Клімавіцкі раён, Мн., “Універсітэцкае”, 1995 г., с. 109).
На мукамольным прадпрыемстве ў в. Паўлавічы ў 1894 годзе працавала 4 чалавекі. Імі было выраблена 69 тыс. пудоў мукі коштам у 35 тыс. рублёў. У 1906 годзе ў вёсцы быў заснаваны вінакурны завод, уладальнікам якога была І.В.Вераб’ёва. На заводзе працавалі 8 чалавек.
У вёсцы ў 1898 годзе была адкрыта аднакласная першая царкоўнапрыходская школа Лазовіцкага прыходу. Загадчыкам школы з’яўляўся айцец Георгій (Георгій Міхайлавіч Дзюкаў). Настаўнік — Піліп Рыгоравіч Парашчанкоў.
У 1931 годзе быў створаны калгас імя Сталіна, першым старшынёй якога быў абраны Арсень Арцёмавіч Данека.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы нямецка-фашысцкія акупанты спалілі 19 двароў, а 51 чалавек быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. У цэнтры вёскі быў устаноўлены (1965 г.) абеліск на ўшанаванне 164 землякоў, што аддалі жыццё за Радзіму ў час гэтай вайны.
З 1947 па 1975 год у вёсцы дзейнічаў Паўлавіцкі дзіцячы дом, першым дырэктарам якога быў Міхаіл Захаравіч Азараў.
Паблізу вёскі ва ўрочышчы Гарадок знаходзіцца археалагічны помнік рэспубліканскага значэння — гарадзішча.
Каля бярозавага гаю па ініцыятыве былога старшыні праўлення калгаса “Новае жыццё” Уладзіміра Аляксеевіча Данекі быў устаноўлены камень, на якім мясцовыя края-знаўцы зрабілі надпіс: “Павловичи, 1584 г.” Яны і зараз працягваюць пошукавую дзейнасць па вывучэнню гісторыі роднай вёскі.
Мікалай СТАЛЬМАКОЎ, кіраўнік гісторыка-
краязнаўчага гуртка “Радзімазнаўства” Клімавіцкага цэнтра творчасці.