Запрашае бібліятэка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 снежня падпісаў Указ № 618 «Аб аб’яўленні 2012 года Годам кнігі».
З гэтай нагоды ў бібліятэках горада і раёна запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Пазнаёмлю з некаторымі.
Перш за ўсё, жыхароў і гасцей горада запрашаем азнаёміцца з выставай «Кнігі-юбіляры 2012 года», арганізаванай у чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі. Выстава будзе дзейнічаць на працягу года. Тут прадстаўлены кнігі, якія ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай мастацкай літаратуры: «Мёртвые души» М.В.Гогаля (170 гадоў з дня напісання), «Отцы и дети» І.С.Тургенева (150 гадоў), «Финансист» Т. Драйзера (100 гадоў), «Посмертные записки Пиквикского клуба» Ч.Дзіккенса (175 гадоў) і многія іншыя.
Цэнтральная бібліятэка наладзіць акцыю «Беларуская кніга чакае вас». У час яе можна пазнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў, з кнігамі пра нашу краіну.
Клімавіцкую бібліятэку наведвалі многія беларускія пісьменнікі, якія заўсёды пакідалі аўтографы на сваіх кнігах. Урэшце сабралася значная калекцыя такіх экзэмпляраў. Іх мы выстаўляем пад назвай «Кнігі з аўтографам», «Увага! Новы аўтар», «Вянок беларускіх раманаў» і інш.
У праграмах мясцовага радыёвяшчання ў новай рубрыцы «Свет ведаў кніга адчыняе» слухачы даведаюцца пра скарбы нацыянальнага кнігавыдання. Прадоўжаць сваю работу радыёчасопісы «Па старонках забытых кніг», «Галасы зямлі клімавіцкай».
Мова — самая танная і самая дарагая рэч у свеце. Яна дапамагае перадаць настрой, думкі, наладжвае адносіны паміж людзьмі. Таму бібліятэкі раёна надаюць вялікую ўвагу мерапрыемствам, прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы. У Год кнігі ў цэнтральнай бібліятэцы пройдзе свята «Роднай мовы пералівы».
Штогод рыхтуем цікавыя выставы, масавыя акцыі да Дня беларускага пісьменства. Тыдзень беларускай пісьменнасці і друку сёлета пройдзе пад дэвізам «Нашчадкам слова застаецца».
Да юбілеяў класікаў рыхтуем літаратурныя вечары, завочныя падарожжы. З нагоды святкавання 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа пройдуць паэтычныя чытанні. У Дзень горада плануецца арганізаваць «Фестываль кнігі» у гарадскім парку.
Не забываем запрашаць на сустрэчы мясцовых паэтаў. Дарэчы, некаторыя маюць свае зборнікі. Частка іх выдадзена па ініцыятыве і сіламі работнікаў цэнтральнай бібліятэкі.
У бібліятэках ёсць «Літаратурныя календары», дзе штомесяц размяшчаецца інфармацыя пра пісьменнікаў-юбіляраў сусветнай, рускай, айчыннай літаратуры, прадстаўлены іх кнігі. Прыходзьце, знаёмцеся, чытайце. Любіце кнігу.
Марына Шылава,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.