Чым падобныя вёскі-цёзкі?

У нашым жыцці мы часта сустракаемся з цёзкамі — людзьмі, якія маюць аднолькавае імя. І некаторыя вёскі Клімаўшчыны маюць цёзак.
Напрыклад, вёска з назваю Сабалёўка ёсць у Родненскім і Галіцкім сельсаветах. Адлегласць ад райцэнтра да кожнай з іх крыху больш за дваццаць кіламетраў. А паміж імі — каля чатырох кіламетраў.
Чым падобныя вёскі? Па-першае, кожная з іх размешчана ў маляўнічым месцы. Побач з хатамі — лес, багаты на розныя ягады і грыбы. Некаторыя жанчыны прызнаюцца, што літаральна “жывуць у лесе”, каб як мага больш сабраць смачных прыродных дароў, а таксама атрымаць асалоду ад “чароўнай музыкі лесу”. Па-другое, маюць знаўцаў народных абрадаў і песень. Па-трэцяе, абедзве вёскі вядомы з 18 стагоддзя. Ёсць і яшчэ адна агульная асаблівасць — тутэйшыя жыхары славяцца сваёй гасціннасцю, шчырасцю, аптымізмам.
Вёсачка Сабалёўка (Галіцкі сельсавет) — невялічкая: толькі пяць жыхароў-пенсіянераў. Калі зазірнуць у гістарычнае мінулае, то можна даведацца пра яе наступнае. У 1858 г. тут пачала дзейнічаць сукнавальня. У 1880 г. налічвалася 30 двароў, 212 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім промыслам. Час той схаваўся за дальняй гарою, але ж… Калі краўцоў ужо не засталося, то шапавалы яшчэ ёсць. Старадаўнім майстэрствам валодае стараста вёскі Павел Мікалаевіч Гудаў.
У Сабалёўцы Родненскага сельсавета жыве 185 чалавек: з іх 35 — дзеці, 47 — пенсіянеры, а астатнія — людзі працоўнага ўзросту.
У 1880 годзе тут было 24 двары, 161 жыхар. Восем вяскоўцаў займаліся адыходным промыслам. Потым у вёсцы размяшчалася птушкафабрыка, якая ў 1971 годзе выдзелена з саўгаса ў асобную гаспадарку. Зараз многія жыхары райцэнтра і турысты добра ведаюць Сабалёўку па “Страусіным ранча”, дзе ўжо не першы год камфортна жывуць афрыканскія страусы.
Вадасховішча падзяляе вёску на дзве часткі. Гэта мясцовасць — радзіма поўнага кавалера ордэна Славы І.К.Купрыенкі, які ў якасці камандзіра аддзялення вызначыўся ў баях у 1945 г. ва Усходняй Прусіі.